Пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — маладым людзям раёна
15 сакавіка сёлетняга года ў актавай зале Цэнтра культуры і вольнага часу раёна адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь лепшым маладым людзям, якія на гэты час дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Мерапрыемства па традыцыі прымяркоўвалася да Дня Канстытуцыі краіны. Сёлета яно ладзілася ў межах акцыі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Маладым людзям галоўны дакумент грамадзяніна і падарункі
ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручыла Святлана Носава
Граматы пераможцам раённага конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей” —
ад гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях уручае Дзмітрый Сказаў
Арганізатарамі ўрачыстасці сталі аддзел па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, раённы аддзел унутраных спраў. Павіншаваць юнакоў і дзяўчат з атрыманнем галоўнага дакумента грамадзяніна, які пацвярджае іх даросласць і накладвае сур’ёзныя абавязкі, прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава, старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі Валянціна Шынкевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Буйко, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Смірнова, в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Вольга Грэк, прадстаўнікі Бабруйскага горрайаддзела па надзвычайных сітуацыях: старшы інспектар групы прапаганды і навучання Дзмітрый Сказаў і спецыяліст Жана Пляхоткіна, а таксама член савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Віктар Кляшкоў, настаўнікі і сябры галоўных удзельнікаў мерапрыемства.
Перш чым уручыць маладым людзям галоўны дакумент грамадзяніна і падарункавы набор «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» ад Прэзідэнта краіны, Святлана Носава павіншавала іх з гэтай незабыўнай падзеяй і адзначыла, што з моманту атрымання пашпартоў яны становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі краіны, з выбарам якіх будуць лічыцца. Таму як ніколі, па словах Святланы Сяргееўны, маладыя людзі павінны ўзважваць свае ўчынкі, імкнуцца рабіць усё для таго, каб наша краіна, наш раён, населеныя пункты, дзе яны жывуць і якія за апошнія гады значна папрыгажэлі, расквечваліся яшчэ болей. Улічваючы тое, што на сёння галоўная задача маладых людзей — вучоба, і ўсе яны стаяць перад выбарам будучай прафесіі, намеснік старшыні райвыканкама пажадала юнакам і дзяўчатам поспехаў у гэтым накірунку, нагадала, што раённая ўлада з задавальненнем гатова вітаць тых з іх, хто спыніць свой выбар на сельгаспрадпрыемствах раёна, і пажадала ўсім моцнага здароўя.
Са словамі віншаванняў і пажаданнямі поспехаў на жыццёвую дарогу да маладых звярнуўся і В.І. Кляшкоў. Член ветэранскай арганізацыі прыгадаў, як сам атрымаў першы ў жыцці пашпарт, распавёў, як нястомнай працай заўжды імкнуўся быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны, і выказаў спадзяванне, што гонар за родную Беларусь пранясе праз сваё жыццё і сённяшняе маладое пакаленне.
Падчас урачыстасці падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі ўручаны таксама выдатнікам вучобы, актывістам грамадскага школьнага жыцця, пераможцам спартыўных спаборніцтваў.
Дзмітрый Сказаў уручыў граматы, а Наталля Смірнова — падарункі пераможцам раённага конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Тут жа былі падведзены і вынікі конкурсаў, якія ладзіліся ў межах акцыі “За любімую Беларусь!”. Граматы і прызы шчаслівым пераможцам уручыла Вольга Грэк.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА.