Якія ж мы цудоўныя — беларусы. Думкі ўслых напярэдадні Дня народнага адзінства
У гэтым давялося ўпэўніцца не аднойчы. Днямі, едучы ў грамадскім транспарце да месца работы — яшчэ раз.
Здавалася б, нічога асаблівага. Так, невялічкі форс-мажор, які напачатку не абяцаў нічога прыемнага, але абярнуўся выдатным настроем на ўвесь дзень.
Заскокваю раніцай у апошнія дзверы тралейбуса, прабіраюся да вадзіцельскага месца, каб набыць квіток — выхадныя і вяртанне з адпачынку не дазволілі паклапаціцца пра гэта загадзя. І ўжо на падыходзе да запаветнага акенца разумею, што дробязі няма, з грошай — толькі папяровая “дваццатка”. Тут бы скарыстацца мабільным дадаткам, як практыкуе моладзь, — набыць квіток за безнаяўныя — але ж тыя, каму за пяцьдзясят, мяне, упэўнена, зразумеюць, калі скажу, што гэтая ідэя прыйшла на розум толькі далёка апасля.
Пакуль жа няўпэўнена прапаноўваю вадзіцелю тое, што маю, просячы максімальна неабходную колькасць білетаў (праз некалькі дзён пачатак новага месяца і ў кішэні ўжо праязны дакумент на яго), і не дзіўлюся, чуючы ў адказ, што “здачы няма, размяняйце купюру ў каго”.
Жанчыны-суседкі па тралейбусе на просьбу размяняць “хоць як” спачувальна ківаюць, і я іх разумею: наяўныя ў самой далёка не заўжды. Затое тут жа адгукваецца жанчына наводдаль — парыўшыся ў сумцы, працягвае дзве новенькія “дзясяткі”. Для вадзіцеля такі размен справы не памяняў. І, бачачы маю разгубленасць, ён, сярэдняга ўзросту мужчына, лагодна (што само па сабе нязвыкла) стаў заспакойваць не хвалявацца, а дачакацца правяраючых і набыць квіток у іх. Маўляў, яны ж цяпер не толькі кантралёры, а кантралёры-кандуктары і з задавальненнем прададуць білет.
Што ж, праверу, — падумалася мне (“загаварыла” журналісцкая цікавасць), — няўжо сапраўды строгія жанчыны так запроста пойдуць насустрач (верылася, прызнаюся, не надта: на памяці не адзін адваротны прыклад).
Тым часам хлопец-студэнт (так ацаніла з выгляду), які з “дзясяткі” набыў квіток у вадзіцеля да мяне і спрабаваў прыладкаваць здачу да месца, з гатоўнасцю прапанаваў абмяняцца ёю на мае 10 рублёў. Але тут жа, зразумеўшы, што абмен не будзе раўнацэнны, працягнуў рубель са словамі “А давайце я проста набуду вам квіток”.
— Не-не, вялікі дзякуй, — не чакаючы такога павароту, яшчэ болей разгубілася я. — напэўна ж, хутка з’явяцца кандуктары ці здача ў вадзіцеля — выходзіць мне яшчэ няхутка.
Далей было зусім, як кажуць, з вобласці фантастыкі. Імкліва падыйшла жанчына (незнаёмая, але часта едзем разам) і, не даючы мне апамятацца, працягнула дробязь на білет са словамі “вы таксама мяне аднойчы выручылі”.
На мае акругленыя ад здзіўлення вочы і водгук “Калі?” лагодна ўсміхнулася і дадала: “Ну мы ж часта з вамі сутыкаемся, дый не такія ўжо там грошы…”.
Кранула да слёз. Не толькі словы жанчыны, а ўся сітуацыя. Дапамогі з усіх бакоў адчула нашмат болей за семдзясят пяць капеек на квіток (іх аддала на другі ж дзень). Кранальным быў сам факт, як людзі імкнуліся дапамагчы чужому чалавеку, за проста так, без абавязацельстваў і выгады для сябе. Проста такі выбар яны зрабілі — не на карысць абыякавасці і раўнадушша, а на карысць чалавечнасці, спагады і дабрыні.
…На работу не ішла, а бегла. Настрою — на ўвесь дзень!
Якія ж мы ўсё-такі цудоўныя — беларусы!
Алена КАРПЕНКА.