“Азбуку бяспекі” засвойвалі ў Туркоўскай школе
ДАІ Бабруйскага райаддзела міліцыі сумесна з аддзелам па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама працягваюць прафілактычную акцыю, накіраваную на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей.
У Туркоўскай СШ на гэтым тыдні прайшла гульня-конкурс “Азбука бяспекі”, удзел у якой прынялі вучні 1-6-х класаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі, аб’яднаўшыся ў каманды, адказвалі на пытанні, шукалі правільныя рашэнні атрыманых ад арганізатараў заданняў, на практыцы дэманстравалі веданне правілаў паводзін на дарозе.
— Нашая задача — давесці да дзяцей правілы дарожнага руху. Імкнемся зацікавіць дзяцей вывучэннем дарожных знакаў, дарожнай разметкі, заакцэнтаваць увагу, на які колер светлафора можна ісці, дзе нельга пераходзіць дарогу, як рухацца на веласіпедзе і на тым, што ні ў якім разе нельга парушаць правілы дарожнага руху і быць уважлівымі на дарозе нават пры іх выкананні, — адзначыў інспектар ДАІ Барыс Хухрын.
Па словах метадыста вучэбна-метадычнага кабінета раёна Вікторыі Шунько, праведзенае ў Туркоўскай школе мерапрыемства — не першае, якое аддзел па адукацыі, спорту і турызму праводзіць сумесна з РАУС.
— Наладжваем мерапрыемствы абавязкова ў выглядзе гульні, таму што гэта цікавей, ярчэй, а значыць — больш запамінальна і нашмат эфектыўней, чым проста распавесці дзецям аб правілах дарожнага руху, — заўважыла яна.
У падвядзенне вынікаў конкурсу — за старшыню журы была метадыст фізкультурна-спартыўнага клуба раёна Вольга Караткевіч — каманды атрымалі ўзнагароды, цукеркі, а інспектар ДАІ уручыў яшчэ і так неабходныя для дзіцячай бяспекі флікеры.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.