У намінацыі “За павелічэнне вытворчасці зерня” перамог СВК “Гігант”
У 2019 годзе валавы збор зерня збажыны і зернебабовых (з улікам кукурузы) у вазе пасля дапрацоўкі склаў у гаспадарцы 8423 т (тэмп росту да папярэдняга года — 119,4%). Валавая вытворчасць зерня на 100 балагектараў пасяўной плошчы склала 12,04 т — найвышэйшы паказчык у раёне. Калектыў працягнуў традыцыю быць першым у раёне па ўраджайнасці зерня — сярэдняя склала 43,6 ц/га, у тым ліку кукурузы (у вазе пасля дапрацоўкі) — 71,1 ц/га. Валавы збор кукурузы ў вазе пасля дапрацоўкі 3556 т (149,5%). Рэнтабельнасць вытворчасці зерня склала 177% (+22,2 да ўзроўню 2018-га).
І ўсё гэта, як не стамляецца гаварыць старшыня СВК “Гігант” Міхаіл Пятровіч Левакоў, дзякуючы людзям, якія ў гаспадарцы працуюць, — высокапрафесійнаму і мэтанакіраванаму калектыву.
Як пацверджанне — сярод пераможцаў раённага спаборніцтва, кожны ў сваёй намінацыі, тры жывёлагадоўчыя калектывы і трое работнікаў “Гіганта”.
Ігар Аляксеевіч МІХАЛЁНАК — лепшы інжынер раёна
З вялікай літары Прафесіянал, педант у дачыненні да працоўных абавязкаў, патрыёт сваёй гаспадаркі і малой радзімы, інтэлігент у поўным сэнсе гэтага слова — так можна ахарактарызаваць галоўнага інжынера Ігара Аляксеевіча Міхалёнка.
Шчырае служэнне «Гіганту» гэтага чалавека праверана дзесяцігоддзямі. І лагічна, што без яго ўдзелу ў якасці пераможцы не абыходзіцца ніводны (сёлета не выключэнне) раённы злёт перадавікоў.
Ілона Аляксандраўна Намочанка — лепшы эканаміст раёна
У “Гігант” Ілона Аляксандраўна прыйшла маладым спецыялістам пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. На працягу першых двух год была за старшага эканаміста і ўжо болей пяцігодкі — за галоўнага. Абавязкі спецыяліста надзвычай сур’ёзныя. Гэта і эканамічны аналіз гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства, і ўдасканаленне планавання сельгасвытворчасці, арганізацыя тарыфікацыі, нармавання і фарміравання аплаты працы работнікаў ды шэраг іншага.
— На пачатку было нялёгка, — прызнаецца галоўны эканаміст. — Але і дасведчаны ва ўсіх пытаннях кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Пятровіч Левакоў, і вопытны галоўны бухгалтар Ірына Аляксандраўна Лобава не стамляліся мне дапамагаць. У самой было вялікае жаданне спазнаць дэталі прафесіі — і, здаецца, атрымалася.
Калектыў малочна-таварнай фермы №2 в. М. Бортнікі — пераможца ў намінацыі “Сярод калектываў ферм па вырошчванні буйной рагатай жывёлы”
Сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе жывёлы па выніках 2019 года тут склала 971 г (+212 г да 2018-га). Валавое прыбаўленне ў вазе — 130,1 т, тэмп росту да папярэдняга года — 105,9%.
І загадчыца Таццяна Аляксандраўна Дайнэка, і жывёлавод Алена Пятроўна Валодзькіна (у калектыве таксама даглядчык Сяргей Аляксандравіч Дзяркач), якіх засталі на ферме, на запытанне, як дасягнулі найлепшага ў раёне выніку, у адзін голас адказваюць — “працуем, як усе”. І ўсё ж Таццяна Аляксандраўна ўдакладняе: “Працаўнікі робяць усё ад іх магчымае, каб прывагі адпавядалі тэхналагічным, а ферма славілася добрымі вытворчымі паказчыкамі, і за гэта ім дзякуй”.
Сёння на доглядзе дваіх чалавек 341 цялушка — тыя, што пад асемяненне і нецелі. Задача калектыву — не толькі накарміць і дагледзець скаціну, але і не прапусціць час асемянення.
На самой жа Таццяне Аляксандраўне арганізацыя і кантроль за работай выключна ўсёй МТФ — яшчэ малочным блокам і радзільным аддзяленнем. Клопатаў і турбот, вядома ж, хапае. Але багата і арганізацыйнага вопыту. Хоць непасрэдна фермай жанчына загадвае тры з паловай гады, у “Гіганце” працуе з 1984 года, была і на кіруючых пасадах.
Калектыў свінатаварнай фермы №2 в. Малыя Бортнікі прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва ў намінацыі “Сярод калектываў ферм па адкорме свіней”
Сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе жывёлы склала 530 г (+26 г), валавое прыбаўленне ў вазе — 332,4 т (127,8% да ўзроўню 2018 г.). Аператар фермы Валянціна Мікалаеўна Шэпялевіч (на фота) прызнана лепшым аператарам па адкорме свіней.
Працаваць як найлепш, памнажаць дабрабыт уласны і гаспадаркі — дэвіз гэтага прыгожага, згуртаванага і адказнага калектыву. Тон зладжанай рабоце, як звычайна, задае загадчыца. Па характары патрабавальная і прынцыповая, Наталля Міхайлаўна Хурсан, чый працоўны стаж у пасадзе хутка 17 год, ведае падыходы і да жывёлы, і да сваіх падначаленых.
Свінатаварную ферму ў 4 тысячы галоў абслугоўваюць аператары Алена Мікалаеўна Акуліч, Людміла Мікалаеўна Зуб, Валянціна Мікалаеўна Шэпялевіч і ветурач Кацярына Аляксандраўна Мароз. Па словах загадчыцы, усе яе работнікі — добрасумленныя, адказныя і працавітыя. Уключыўшыся ў абавязкі а 8 гадзіне, напружанасці не зніжаюць да 15-ці. Пракантраляваць пагалоўе, адсартаваць жывёлу, папрацаваць з каналізацыяй, дапамагчы доктару ў вакцынацыі, перавесці з аднаго хлява (дарошчвання) у другі (на адкорм), прыбрацца на працоўным месцы — гэта далёка не поўны пералік абавязкаў аператараў, таго, з чым жанчыны спраўляюцца “на выдатна”.
Дзе б чалавек ні працаваў, рабіць гэта павінен з поўнай аддачай, лічыць Наталля Хурсан. Гэтай высновы прытрымліваецца яна сама, таго ж патрабуе ад кожнага ў калектыве.
— І людзі разумеюць, — кажа яна, — гатова кожнага прапанаваць у пераможцы.
Калектыў таварнай фермы №3 в. Бірча — пераможца раённага спаборніцтва ў намінацыі “Сярод калектываў ферм па адкорме буйной рагатай жывёлы”
Акрамя загадчыка Сяргея Андрэевіча Татарынава, 480 галоў жывёлы абслугоўваюць Людміла Барысаўна Яндзіява, Наталля Рыгораўна Бокач, Любоў Мікалаеўна Лебедзева і Алена Мікалаеўна Пракоф’ева.
Выконваючы з дня ў дзень адну і тую ж работу — кармленне і догляд жывёлы, гэтыя працавітыя, сціплыя людзі з упэўненасцю абыйшлі па вытворчых паказчыках іншых удзельнікаў раённага спаборніцтва — дасягнулі па выніках года сярэднесутачнага прыбаўлення ў вазе жывёлы 755 г (+38 г да 2018-га).
— У нашай справе сакрэт добрага выніку — кармы і чалавечы ўдзел, — гаворыць загадчык. — Кормам жывёла забяспечана выдатна, а людзі, калі ад прыроды працавітыя, то з абыякавасцю да абавязкаў адносіцца не змогуць. Да таго ж, ад атрыманых прывагаў залежыць заробак кожнага.
У загадчыцкай пасадзе Сяргей Татарынаў 11 год, а ўсяго ў гаспадарцы — сёлета будзе 30. Прыйшоў сюды, як кажа, з мора — пасля сямі год службы на флоце. Сам прывучаны да строгага парадку, такога падыходу ў рабоце Сяргей Андрэевіч патрабуе і ад членаў сваёй каманды.
Алена КАРПЕНКА.
На фота да матэрыялу — глава раёна Павел Іванавіч Найдзён уручае грамату і пераходзячы сцяг старшыні СВК “Гігант” Міхаілу Пятровічу Левакову.