Темы

Страціць дзіцяці лёгка, вярнуць — складана

Страціць дзіцяці лёгка, вярнуць — складана

На тое, каб сям’я, у якой па той ці іншай прычыне адабралі дзіця, змагла вярнуць самае роднае ў звык­лыя для яго сцены, бацькам адводзіцца не так шмат часу. Пакуль дзеці знаходзяцца ў сацыяльнай установе, бацькі спешна выпраўляюцца або не выпраўляюцца. У першым выпадку сітуацыя абыходзіцца для ўсіх стрэсам. У другім — яшчэ глыбейшым стрэсам для дзяцей і пазбаўленнем бацькоўскіх правоў для тых, хто яшчэ нядаўна імі лічыўся. Якому ходу дзеянняў аддаюць перавагу дарослыя ў такіх выпадках, ці вырашаюць праблемы ў адведзены на гэта час — у інтэрв’ю з дырэктарам Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталляй Ганчаровай.

— Наталля Сяргееўна, хацелася б пачаць з таго, на падставе якіх дакументаў дзеці могуць быць адабраныя з сям’і?

— 15 студзеня 2019 года Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджана пастанова №22, на падставе якой распрацавана Палажэнне (дзейнічае з 1 лютага) аб парадку прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы, дзе якраз-такі і раскрыты крытэрыі і паказчыкі апошняга, вызначана паслядоўнасць дзеянняў органаў апекі, іншых арганізацый, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

— Што гэта за крытэрыі?

— У цэлым вылучаны тры групы крытэрыяў. Першая — бацькамі не задавольваюцца асноўныя жыццёвыя патрабаванні дзіцяці. Акцэнт тут робіцца на незабеспячэнні дзяцей паўнавартасным харчаваннем у адпаведнасці з іх узростам. У прыватнасці, бацькі дапускаюць сістэматычную адсут­насць такога харчавання і пражыванне дзяцей у памяшканнях, дзе печы, газавае- і электраабсталяванне не адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, у тым ліку з няспраўнымі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі (АПА). Калі бацькі не выконваюць рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў па дыягностыцы, лячэнні і медыцынскай рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыццю і здароўю. І нарэшце — замінаюць атрыманню дзіцяці абавязковай агульнай базавай адукацыі (у любой форме яе атрымання).

Другая група крытэрыяў — незабеспячэнне бацькамі нагляду за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, у выніку чаго апошні ўчыняе супрацьпраўныя дзеянні. На практыцы гэта азначае, што ў адносінах бацькоў непаўналетняга ва ўзросце да 14 год неаднаразова на працягу года ўстаноўлены факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 9.4 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях. Або ў адносінах бацькоў дзіцяці ва ўзросце болей за 14 год у рамках адміністрацыйнага або крымінальнага працэсаў устаноўлены факты, якія пацвярджаюць, што дарослыя не кантралююць паводзіны і месцазнаходжанне дзіцяці, у выніку чаго апошняе прыцягнута да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.

Трэцяя група — устанаўленне ў адносінах бацькоў фактаў прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне прапавапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 9.1, 17.1, ч.3 арт. 17.3, арт. 17,4, 17,5, 17,8 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях або ў адносінах бацькоў устаноўлены факты спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, алкагольных напояў, па выніках чаго да гэтых членаў сям’і прымяняліся меры прафілактычнага ўздзеяння. Альбо ўстаноўлены факты жорсткага звароту бацькоў з дзіцяці, фізічнага, псіхалагічнага насілля ў адносінах яго. Звесткі аб неблаганадзейнасці ў сем’ях паступаюць у аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з розных служб: устаноў аховы здароўя, РАУС, суда, БГРА па НС, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельсаветаў і інш. Усё вышэй пералічанае — званочак да таго, каб пачаць сацыяльнае расследаванне ўстановай адукацыі па месцы жыхарства сям’і. Калі пасля яе наведвання і збору дадатковай інфармацыі ад суб’ектаў прафілактыкі факты пацвярджаюцца, каардынацыйны савет па рэалізацыі патрабаванняў дэкрэта №18 прымае рашэнне аб прызнанні дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы.

— У нашым раёне за мінулы год колькі дзяцей было прызнана ў сацыяльна-небяспечным становішчы і якія крытэрыі сталі падставай для гэтага?

— 93 дзіцяці з 39 сямей. І асноўная прычына — п’янства бацькоў.

— Скажам, сям’я прызнана ў сацыяльна небяспечным становішчы. Якую работу і якія службы з ёй праводзяць?

— На выпраўленне сітуацыі працуюць усе зацікаўленыя службы. Накіроўвае работу каардынацыйны савет. Калі з часам сітуацыя ў сям’і не мяняецца або пагаршаецца, то ім жа прымаецца рашэнне (іншым разам тэрмінова) аб неабходнасці прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабранні з сям’і.

— Пасля адабрання дзяцей і змяшчэння іх у сацыяльную ўстанову ў бацькоў ёсць шанцы выправіцца?

— Так. Разумеючы, што дзіцяці (амаль заўжды) найлепш у роднай сям’і, з біялагічнымі бацькамі, работа з сям’ёй на гэтым этапе працягваецца. Дарослым указваюцца дакладныя патрабаванні, на якія трэба адрэагаваць, яны штомесяц выклікаюцца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. І калі ўжо нават на гэтым этапе дарослыя не ідуць на ўзаемадзеянне са службамі, ігнаруюць патрабаванні: не працуюць, працягваюць злоўжываць алкаголем і г. д. — ставіцца пытанне аб пазбаўленні іх баць­коўскіх правоў. Для гэтага дакументы накіроўваюцца ў судовую ўстанову, якая і прымае рашэнне.

— На гэтым для бацькоў “дзверы” да дзяцей зачыняюцца?

— Не зачыняюцца. Нават пасля пазбаўлення правоў у дарослых ёсць шанцы выправіцца. Яны маюць права наведваць дзіця ў прыёмнай сям’і. А калі сапраўды выправяцца, і гэта будзе пацверджана з цягам часу, змогуць звярнуцца ў суд з зыскавой заявай аб аднаўленні іх у бацькоўскіх правах. На жаль, такіх выпадкаў у нас мала.

— Як вырашаецца сітуацыя з дзецьмі пасля таго, як бацькі пазбаўляюцца правоў на іх?

— Дзецям надаецца статус “без бацькоўскай апекі”, праводзіцца работа па іх далейшым уладкаванні. Прыярытэт, вядома ж, аддаем прыёмнай сям’і. На тэрыторыі нашага раёна такіх сем’яў 22, ёсць дзіцячы дом сямейнага тыпу. Над некаторымі дзецьмі бяруць апеку родныя — і гэта заўжды радуе: непаўналетнія застаюцца ў асяродку блізкіх людзей. У мінулым годзе такім чынам уладкавалі 10 дзяцей, у тым ліку двое былі ўсыноўлены.

— Пасля ўсыноўлення біялагічныя бацькі, наколькі ведаю, пазбаўляюцца любой магчымасці вярнуць дзіцяці ці хоць бы наведаць яго. А як з дзецьмі ў замяшчальнай сям’і?

— Наведваць дзяцей у прыёмных сем’ях можна, але да гэтага шмат патрабаванняў і галоўнае — цвярозы стан дарослых.

— Пасля таго, як дзяржава ўзяла на сябе абарону дзіцяці, у гора-бацькоў пачынаецца “нялёгкі” перыяд — трэба дбаць пра заробак на ўтрыманне непаўналетняга?

— Так. У адносінах такіх бацькоў пачынае дзейнічаць Дэкрэт №18 — яны павінны працаваць і адлічваць грошы на ўтрыманне дзіцяці. На сёння ў аддзеле па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама значыцца 122 абавязаныя асобы. Калі правоў на непаўналетняга пазбаўлены і бацька, і маці, то і плаціць абавязаны абодва, кожны — палову ад агульнай сумы. Калі ж дзяцей у сям’і было некалькі (пад дзеяннем дэкрэта нямала колішніх мнагадзетных бацькоў), то сумы неабходна пералічваць унушальныя.

— Плацяць?

— Па-рознаму. Ёсць тыя, хто з “ускла­дзенай на сябе” задачай спраўляецца, але ёсць і іншыя — хто ўхіляецца ад гэтага, прагульвае работу. Усе яны на кантролі праваахоўнікаў: на кожным этапе дзейнасці з сям’ёй працуюць розныя службы, і ў цэлым гэта сумесная, вялікая і напружаная, работа.

— Дзякуй, Наталля Сяргееўна, за размову. Хочацца спадзявацца, што атрыманая ад вас інфармацыя папярэдзіць хоць адну дзіцячую трагедыю, не дасць апынуцца па-за сям’ёй, у стрэсавай, невыносна-балючай сітуацыі хоць аднаму раённаму дзіцяці.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Последние новости

Общество

Для тружеников села расширены трудовые гарантии. Нормы закреплены в Тарифном соглашении на 2025-2027 годы

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Лукашенко принял участие в неформальном саммите СНГ под Санкт-Петербургом

26 декабря 2024
Читать новость
В будущее вместе с нами

Подведены итоги конкурса декоративно-прикладного творчества “Новогоднее чудо”

26 декабря 2024
Читать новость
Официально

27 декабря в Бобруйском райисполкоме состоится сессия районного Совета депутатов

26 декабря 2024
Читать новость
Человек и природа

Погода 26 декабря в Беларуси: мокрый снег, дождь и до +5 °С

26 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Бобруйск посетил митрополит Минский и Заславский Вениамин, Патриарший Экзарх всея Беларуси. Рассказываем, как это было

25 декабря 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем