У райвыканкаме
Планёрка ў панядзелак, якую правёў старшыня райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі, прайшла, як звычайна, за абмеркаваннем надзённых праблем. У цэнтры ўвагі — справы сельскагаспадарчыя і малочная вытворчасць, ад вынікаў якой залежыць штодзённы заробак сельгасвытворцаў. Валавы надой малака на канец мінулага тыдня ў сярэднім па раёну склаў, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Валерыя Сяргейчыка, 107 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню пры таварнасці малака — 83 працэнты. З “мінусам” спрацавалі толькі ў адной гаспадарцы — ААТ “ЛенінаАгра”. Дарэчы, каб палепшыць сітуацыю, тут набылі камбікорм, бялковую сыравіну, праведзена немалая работа па навядзенні парадку на фермах. Завастраючы ўвагу на падрыхтоўцы гаспадарак да веснавых палявых работ, у прыватнасці вывазу на палі арганікі, Валерый Сяргейчык указаў на нізкую актыўнасць у гэтым плане Бабруйскага ААТ “Аграмашсервіс”. Што да насення зерневых і зернебабовых культур, то забяспечанасць імі стопрацэнтная, а вось насення некаторых траў недастае. Гаспадаркі заключаюць дагаворы і будуць яго набываць.
Аб тым, як спрацаваў раён у студзені сёлетняга года, давяла да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Тамара Рудая. З намечаных на першы месяц года прагнозных паказчыкаў невыкананым застаўся адзін — будаўніцтва жылля на сяле. Над гэтым узмоцнена прыйдзецца папрацаваць у лютым. На пастаянным кантролі, па словах Тамары Рудой, — работа аўталавак. Нягледзячы на заснежаныя, як ніколі, дарогі, насельніцтва маланаселеных аддаленых вёсак забяспечваецца ўсім неабходным.
Аб значных мерапрыемствах мінулага і бягучага тыдняў далажыла на планёрцы намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава. У прыватнасці было адзначана, што ў панядзелак, 15 лютага, у раёне пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Бацькі салдат, якія загінулі на афганскай вайне, атрымаюць грашовую дапамогу. Святлана Сяргееўна нагадала таксама і аб правядзенні ў чацвер на гэтым тыдні адзінага Дня інфармавання, падчас якога інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама сустрэнуцца з працоўнымі калектывамі сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый раёна.
На планёрцы абмяркоўваліся таксама пытанні, звязаныя з функцыяніраваннем жывёлаводчага комплексу СВК “Калгас імя А. Неўскага” (дакладчык: намеснік старшыні райвкыканкама Ігар Кісель), расчысткі ад снегу дарог у населеных пунктах і закупу ў вяскоўцаў малака (старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Баркоўскі) і іншыя. У дачыненні дарог старшыня райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі падкрэсліў, што ўсе яны павінны ўтрымлівацца ў належным стане: людзі плацяць падаткі і маюць права разлічваць на бяспечныя дарогі. Кіраўнік раёна нагадаў таксама аб своечасовай выплаце заработнай платы ў арганізацыях.
Алена КАРПЕНКА.
У райвыканкаме
Адным з асноўных пытанняў планёркі, якую ў панядзелак на гэтым тыдні правёў старшыня райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі, было абмеркаванне спраў у малочнай вытворчасці. Як заўважыў кіраўнік раёна, у нас дастаткова рэзерваў, здольных павялічыць вытворчасць малака, але выкарыстоўваць іх у асобных гаспадарках чамусьці не спяшаюцца, у той час як менавіта малочная вытворчасць дае штодзённы заробак сельгаспрадпрыемствам. На планёрцы было адзначана, што якасць кармоў у некаторых гаспадарках не адпавядае патрабаванням, што, у сваю чаргу, не дае магчымасці павялічыць тут надоі. Над рашэннем гэтых задач, адзначыў Міхаіл Шалкоўскі, неабходна ўзмоцнена працаваць ужо сёння.
На бягучым тыдні, па словах намесніка старшыні райвыканкама Тамары Рудой, будуць падведзены вынікі таго, наколькі раёнам выкананы прагнозныя паказчыкі за студзень гэтага года. Пры гэтым Тамара Мікалаеўна заклікала не дапускаць паслабленняў у лютым: прагнозныя паказчыкі на 2010 год дастаткова сур’ёзныя, такі ж патрабуецца і падыход да іх выканання.
15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У раёне да гэтага дня, па словах намесніка старшыні райвыканкама Святланы Носавай, пройдзе шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку — наведванне магіл загінуўшых салдат. Звяртаючыся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, Святлана Сяргееўна нагадала апошнім не пакінуць без увагі работнікаў прадпрыемстваў, якія выконвалі свой воінскі абавязак у Афганістане.
Не абыйшлі на планёрцы і традыцыйнае для гэтага часу пытанне расчысткі дарог ад снегу. Па словах старшыні райвыканкама Міхаіла Шалкоўскага, работа дарожных службаў, у прыватнасці ДЭУ-72, павінна быць актывізавана.
Алена КАРПЕНКА.