Вызначаны прыарытэтныя накірункі
Лета з’яўляецца лагічным працягам вучэбна-выхаваўчага працэсу, калі дзеці могуць паправіць сваё здароўе і з карысцю правесці вольны ад вучобы час.
Менавіта абмеркаванне арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі “Лета-2009” у панядзелак на гэтым тыдні сабрала за адным сталом метадыста па выхаваўчай рабоце аддзела адукацыі райвыканкама Т.У. Бокач, супрацоўніка Бабруйскага гаррайаддзелу па НС У.М. Бутко, галоўнага спецыяліста Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Бабруйскаму раёну А.М. Грышкевіч, урача-гігіеніста аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў БЗ ЦГіЭ Т.В. Юшкевіч, начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Бабруйскага РАУС А.М. Буйко, а таксама начальнікаў, выхавацеляў, педагогаў-арганізатараў аздараўленчых лагераў. Узначаліла пасяджэнне намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама С.С. Носава.
Як стала вядома, падрыхтоўка да лета вялася ўжо са студзеня: разлічваліся месцы, састаўляліся раённыя і абласныя планы мерапрыемстваў па арганізацыі летняй кампаніі, вызначаліся крыніцы фінансавання. З пачатку года фарміраваўся і банк дадзеных педагагічных работнікаў, якія выказалі жаданне працаваць у аздараўленчых лагерах, у тым ліку — у “Бабруйскім каласку”. Сёлета, да таго ж, у Магілёве былі арганізаваны мэтавыя курсы для старшых важатых і начальнікаў лагераў. Двое педагогаў з раёна прайшлі там навучанне.
Вызначаны і прыарытэтныя накірункі летняй кампаніі, аснову якой складаюць, найперш, лагеры розных тыпаў. Сёлета па-ранейшаму актуальны адпачынак дзяцей у лагерах з дзённым знаходжаннем. У такіх лагерах адпачне 270 дзяцей, кожная змена будзе доўжыцца 21 дзень. Новаўвядзеннем для раёна стала тое, што 11 такіх лагераў будуць працаваць у чэрвені, лагер на базе Міхалёўскага ВПК — у чэрвені-ліпені, а на базе Осаўскага ВПК — толькі ў ліпені. У лагерах кругласутачнага знаходжання адпачнуць 360 дзяцей. З іх 65 — у профільных (турысцка-перасоўчых — па 9 дзён), 225 — у лагерах працы і адпачынку (па 18 дзён), 70 дзяцей адпачнуць у спартыўна-патрыятычным лагеры (2 змены па 18 дзён).
Кошт пуцёўкі залежыць ад тыпу лагера. У параўнанні з мінулым годам — розніца нязначная. Пры гэтым бацькоўская даплата складзе да 18 працэнтаў ад агульнага кошту пуцёўкі.
Алена Карпенка.