Темы

Мір трэба берагчы

Мір трэба берагчы

Бягучы тыдзень для жыхаркі мікрараёна Кісялевічы г. Бабруйска Ірыны Іванаўны Воранавай выбіваецца з чарады прыкладна аднолькавых дзён года. У суботу калі не з роднымі, то са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, членам якой жанчына з’яўляецца з 1995 года, яна абавязкова наведаецца на бярэзавіцкія могілкі, пакладзе кветкі да магілы сына, чыя ваенная і жыццёвая дарога, пралеглая праз выпрабаванні афганскай вайны і ёй жа пакалечаная, абарвалася ў самым росквіце… Там жа побач пакладзе кветкі да першынца ў сям’і, бацькавай песты і мамінай памочніцы дачкі Алы, якую заўчасна вырвала з жыцця нязлечная хвароба. Вось ужо другі год як Ірына Іванаўна пойдзе да дзяцей без мужа: здароўе моцна прыкавала колішняга вайскоўца да крэсла. Барыс Іванавіч цяпер не тое што да могілак, да ложка самастойна не дойдзе.

…Пачалося ж іх сумеснае жыццё даволі рамантычна, у сярэдзіне 50-х. Прыгажуня Ірына пабегла ў мясцовы тэатр на пастаноўку “Вяселле ў Малінаўцы”, а маладзенькі вайсковец прывёў туды салдат. Седзячы побач, маладыя лю­дзі разгаварыліся і ўжо праз тры месяцы сустрэч падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу. Праўда, да гэтага шчаслівага моманту гераіні аповеду прыйшлося спазнаць у прамым сэнсе і холад, і голад.

Калі ў Бабруйск увайшлі немцы, Ірыне было шэсць гадоў. У сям’і яна была старэйшай, брат нарадзіўся за два тыдні да пачатку вайны.

— Фашысты занялі нашу хату (сям’я жыла ў раёне чыгуначнага вакзала Бярэзіна), нам жа не дазволілі пасяліцца нават у хлеўчуку, — расказвае Ірына Іванаўна. — Прытуліла суседка. На працягу трох год акупацыі жылі ў яе: летам у хляве, зімой — у каморцы пры хаце. Есці не было чаго. Мяне, шасцігадовую, маці пакідала з братам, а сама наймалася да людзей працаваць: капаць бульбу, палоць, праць бялізну. Праз колькі год капаць бульбу за ежу пайшла з маці і я…

Не меней галоднымі былі і пасляваенныя гады. У школу, па словах субяседніцы, яна пайшла запознена, у 9 гадоў. І цяпер добра памятае і збітыя з дошак сталы з лаўкамі для заняткаў, і тое, як некаторыя дзеці ад голаду страчвалі прытомнасць…

…У першыя гады замужжа, па словах Ірыны Іванаўны, маладой сям’і таксама было нялёгка. 8-мятровы пакой з агульнай на дзве сям’і кухняй у бараку ў ваенным гарадку Кісялевічы яны, дзякуючы мужавай вайсковай часці, займелі, аднак з правізіяй, адзеннем было праб­лематычна. Здабывалі гэта, як маглі. Анучы, якія мужу-вайскоўцу выдавалі да ботаў, фарбавалі і шылі дзецям шаравары. Каб купіць для маленькай дачушкі маннай крупы, якой на рукі давалі па паўкіло, даво­дзілася на працягу ночы, па чарзе, дзяжурыць ля крамы. Пасля таго як нарадзіўся сын Алег, сям’і вылучылі пакой большага памеру. Жыццё з часам наладжвалася, горад адбудоўваўся, раслі дзеці, яны з мужам працавалі, атрымалі добраўпарадкаванае жыллё. Ірына Іванаўна каля 30 год адпрацавала ў афіцэрскім клубе ваеннага гарадка, неаднойчы была ўзнагароджана за плённую работу, з’яўляецца ветэранам працы. На добрым рахунку ў часці быў і Барыс Іванавіч. Тады ім здавалася, што спакой і шчасце прыйшлі назаўсёды. Аднак лёс распарадзіўся па-­іншаму. Пасля заканчэння школы сын, які ў дзяцінстве шмат часу бавіў на бацькавай рабоце, захапляўся ягонай прафесіяй і спортам, наважыўся таксама стаць вайскоўцам. З усмешкай казаў: “буду не прапаршчыкам, а генералам”.

— І вось ужо трынаццаты год як ляжыць на бярэзавіцкіх могілках, — са скрухай у голасе ківае на фотаздымак Ірына Іванаўна. — Не паслухаўся маёй просьбы паступіць у грамадзянскую ўстанову, як зрабілі аднакласнікі…

Сын Воранавых — Алег.

Пасля заканчэння ваеннага вучылішча Воранаў-малодшы праслужыў 2 гады ў Венгрыі, а пасля быў накіраваны ў Афганістан, дзе якраз пачаліся ваенныя дзеянні. У адным з баёў яго моцна кантузіла. Яшчэ аднаго з пяцёра чалавек, што былі на бронетранспарцёры, параніла, вадзіцель загінуў. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б сувязіст не звязаўся з камандаваннем — людзей паднялі на борт верталёта. Алег тады застаўся жыць і працягнуў службу ў гарачай кропцы аж да вываду войскаў з Афганістана. Пасля быў пераве­дзены — на той час меў жонку і сына — у Екацярынбург. Ды толькі падарванае ў тым баі здароўе нагадвала пра сябе. Сын часта браўся за галаву, цёр з сілай віскі і пакутліва моршчыўся ад болю… Памёр кадравы афіцэр у 44 гады. Пасля інсульту, які раптоўна здарыўся па дарозе са службы, пражыў усяго тыдзень.

Ірыне Іванаўне тады здавалася, што жыццё для яе спынілася. Вельмі пакутліва перажываў смерць сына і муж. Ды толькі гора, як кажуць, не ходзіць адно. Вельмі хутка пасля смерці Алега, як прысуд, прагучаў для сям’і Воранавых невылечны дыягназ дачкі. Змагалася жанчына з хваробай цэлых 10 год, за гэты час перанесла не адну складаную аперацыю…

А два гады таму не стаў на ногі Барыс Іванавіч. Падштурхоўваючы да жыцця жонку, фізічна моцны, ваеннай выпраўкі чалавек настойліва хаваў унутры тое, што бурліла, ірвалася вонкі, не давала засяродзіцца на прыемным. Цяпер Барыс Іванавіч у крэсле, і, што імкнецца сказаць сваёй прыгажуні-Ірынцы, ведама толькі яму.

Сама ж Ірына Іванаўна, як бы роспачна і балюча ёй не было — маральна, а цяпер ужо і фізічна, імкнецца знаходзіць сэнс жыцця. У доглядзе за бездапаможным мужам, у чаканні ўнукаў, якія, як могуць, падтрымліваюць бабулю і дзядулю, у працяглых размовах з зяцем — яму Воранавы надзвычай удзячны ў падрыхтоўцы да значных сямейных дат. Вось і да дня вываду войскаў з Афганістана гераіня аповеду пад­рыхтавалася загадзя — паклала на бачнае месца ў вялікім пакоі сынавы фотаздымкі, фуражку, берэт дэсантніка. Перажыўшы за жыццё дзве вайны — Вялікую Айчынную і афганскую, мая субяседніца на сто працэнтаў упэўнена: мір для чалавека такая ж агромністая патрэба, як ежа і паветра, і трэба пільна яго берагчы. А яшчэ лічыць — трэба быць уважлівымі да людзей, цаніць і шанаваць іх цёплыя адносіны. З удзячнасцю гаворыць Ірына Іванаўна пра суседзяў, якія з гатоўнасцю адгукваюцца на яе просьбы, пра раённую арганізацыю інвалідаў, дзе гатовы падтрымаць і словам, і справай.
Шмат цёплых слоў выказала ў адрас нашай газеты (яе бабулі выпісвае ўнучка, работнік раённай арганізацыі), дзякуючы якой Ірына Іванаўна з пя­шчотай і асалодай пераносіцца думкамі ў маленства, у звык­лыя для яе Крупічы, Міхалёва, на бераг невялічкай і загадкавай ракі Ала.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з сямейнага архіву.

Последние новости

Официально

Поздравление с католическим Рождеством от руководства области

25 декабря 2024
Читать новость
Человек и природа

Туман и преимущественно без осадков будет в Беларуси 25 декабря

25 декабря 2024
Читать новость
Актуально

На Бабруйшчыне ўвялі ў эксплуатацыю яшчэ адзін малочна-таварны комплекс

24 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Пусть свершаются добрые чудеса, в которые детвора так верит и которые так ждет!

24 декабря 2024
Читать новость
Выборы Президента Республики Беларусь

QR-код в агитационных листовках. Какие новые технологии будут использоваться на выборах Президента Беларуси?

24 декабря 2024
Читать новость
Выборы Президента Республики Беларусь

В Бобруйской районе проходят первые организационные заседания участковых комиссий по выборам Президента Республики Беларусь

24 декабря 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем