У Мінску працуе рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў
Дзяржаўная ўстанова “Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў” аказвае дапамогу дзецям ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў з захворваннямі нервовай і касцёва-цягліцавай сістэм, наступствам якіх з’яўляюцца парушэнні функцый апорна-рухальнага апарата. Мэта дзейнасці цэнтра — правядзенне комплекснай рэабілітацыі сучаснымі метадамі медыцынскай, фізічнай, псіхолага-педагагічнай карэкцыі, а таксама сацыяльная адаптацыя дзяцей-інвалідаў у грамадстве.
Якім чынам патрапіць у рэабілітацыйную ўстанову дзецям-інвалідам нашага раёна, што дакладна для гэтага трэба мы пацікавіліся ў спецыяліста раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірыны Тарабуевай.
— Ірына Іванаўна, паслугі цэнтра платныя?
— Не, рэабілітацыя ажыццяўляецца бясплатна.
— Якія паказанні для прыёму ва ўстанову?
— На рэабілітацыю бяруцца дзеці з такімі дыягназамі, як цэрабральны параліч (розныя формы і ступені цяжкасці), наступствы ранняга арганічнага паражэння ЦНС з рухальнымі парушэннямі і без выражаных парушэнняў інтэлекту, наступствы перанесеных запаленчых захворванняў цэнтральнай і перыферычнай нервовых сістэм (менінгіты, менінгаэнцэфаліты, нейраінфекцыі і г. д.), прыроджаная гідрацэфалія, хвароба Пертэса ў 4 стадыі падчас самастойнага перамяшчэння, дысплазія тазабедраных суставаў, прыроджаная дэфармацыя стапы, дысплатычныя скаліёзы і інш.
— Каму паслугі цэнтра супрацьпаказаны?
— Дзецям-інвалідам усіх захворванняў у вострым перыядзе, з актыўнай формай туберкулёзу, злаякаснымі новаўтварэннямі, эпілептычнымі прыпадкамі (рэмісія меней за 6 месяцаў), з псіхічнымі расстройствамі, якія пагражаюць жыццю і здароўю іншых, парушэннем функцый тазавых органаў, слыху і зроку 3-4 ступені, грыбковымі хваробамі, глыбокай ступенню разумовай адсталасці, са зменамі ў аналізе крыві, якія характарызуюць запаленчы працэс, і ў некаторых іншых выпадках.
— Якія прапаноўваюцца медыцынскія мерапрыемствы?
— Комплекс мерапрыемстваў, сярод якіх — метады фізічнай рэабілітацыі, апаратная электратэрапія, вода- і цеплалячэнне, рэфлексатэрапія, музыкатэрапія. Акрамя таго, шэраг метадаў псіхолага-педагагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі, накіраванай на развіццё навыкаў самаабслугоўвання, працоўных навыкаў і ўменняў, неабходных у паўсядзённым жыцці.
— Знаходжанне ў цэнтры стацыянарнае?
— Стацыянарнае альбо дзённы стацыянар.
— Які тэрмін рэабілітацыі?
— Тэрміны ўсталёўваюцца індывідуальна і складаюць ад месяца да трох.
— Як быць з дзецьмі, якім патрабуецца дадатковы догляд дарослых?
— Іншагароднія дзеці-інваліды, якія маюць патрэбу ў дадатковым доглядзе, па рашэнні прыёмна-кансультацыйнай камісіі цэнтра, могуць прымацца з адным з бацькоў ці асобай, якая іх замяняе. Апошнім прадастаўляецца месца пражывання ў пакоі маці і дзіцяці
цэнтра.
— Скажам, сям’я вырашыла скарыстацца паслугамі цэнтра. Якія
дакладна меры трэба ёй прадпрыняць?
— Звярнуцца да нас, у раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і мы падкажам, як дзейнічаць далей, якія сабраць дакументы. Тэлефон — 72-86-21. Ці звярнуцца непасрэдна ў рэабілітацыйны цэнтр. Кантактныя тэлефоны: 8 (017) 280-58-17 (прыёмная), 8 (017) 281-60-86, 8 (044) 528-20-40 (рэгістратура).
Алена КАРПЕНКА.