Выкананню прагнозных паказчыкаў – увага асаблівая
… Менавіта з гэтага пытання пачаў планёрку ў панядзелак старшыня раённага выканаўчага камітэта М.У. Шалкоўскі. Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў, што да завяршэння 9-га месяца года засталіся лічаныя дні, і задача кожнага кіраўніка строга трымаць на кантролі выкананне намечаных на гэты перыяд планаў, тым самым садзейнічаючы выкананню плана агульнага.
Абмяркоўваючы стан сельскагаспадарчых работ, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В.У. Сямёнаў далажыў, што сяўбу азімых на раніцу панядзелка не завершылі толькі 4 сельгасарганізацыі. Іншыя палявыя работы, за выключэннем уборкі цукровых буракоў, дзе праблема запасных частак да камбайнаў дагэтуль не вырашана, вядуцца згодна графіку. Стабільнай застаецца і сітуацыя з вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі.
З мэтай забяспечыць насельніцтва горада сельскагаспадарчай прадукцыяй і актывізаваць тым самым выкананне прагнознага паказчыку па тавараабароце, райспажыўтаварыства разам з гаспадаркамі раёна прыняло актыўны ўдзел у кірмашах, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя дні, і будзе працягваць гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй у спецыяльна вызначаных месцах і ў дні будзённыя, — паведаміла на планёрцы намеснік старшыні райвыканкама Т.М. Рудая. На кантролі, па словах Тамары Мікалаеўны, і добраўпарадкаванне аб’ектаў гандлю ў аграгарадках Варатынь і Цялуша.
Прыняць самы актыўны ўдзел у падпісной кампаніі на 4 квартал, да заканчэння якой засталося ўсяго два дні, заклікала прысутных на планёрцы кіраўнікоў намеснік старшыні райвыканкама С.С. Носава, адзначыўшы, што кожны, хто працуе ў арганізацыях раёна, павінен быць і ў гушчы раённых падзей. Акрамя таго Святлана Сяргееўна пазнаёміла ўдзельнікаў планёркі з планам мерапрыемстваў, якія пройдуць у раёне да Дня пажылых людзей.
Шмат увагі было ўдзелена пытанню падрыхтоўкі суб’ектаў гаспадарання раёна да ацяпляльнага сезону. Як адзначыў в.а. намесніка старшыні райвыканкама І.М. Кісель, па стане на 25 верасня пашпарты гатоўнасці мелі 68 працэнтаў цеплакрыніц і 62 — цеплакарыстальнікаў. З 23-х кацельных, што знаходзяцца на балансе УКП “Жылкамунгас”, у ліку непадрыхтаваных — 4: у пасёлках Туголіца і Глуша, а таксама ў Варатыні і Гарбацэвічах. Што тычыцца нарыхтоўкі паліва, то “Жылкамунгасам” на гэты час ужо цалкам нарыхтаваны як дровы, так і дранка.
Абмяркоўваючы крымінагенныя абставіны на тэрыторыі раёна, начальнік РАУС А.А. Кавальчук адзначыў, што сярод шэрагу крадзяжоў, учыненых на мінулым тыдні, значыцца і пакража спіртных напояў і прадуктаў харчу з магазіна в. Тажылавічы. Гандлёвая кропка, пры гэтым, не мела ні сігналізацыі, ні вартавой аховы.
Аб тым, якія работы па добраўпарадкаванні і навядзенні чысціні на зямлі праводзяцца сельскімі і пасялковым саветамі, далажыў на планёрцы старшыня раённага Савета дэпутатаў Л.А. Баркоўскі, які, у прыватнасці, адзначыў, што толькі ў Варатыні за мінулы тыдзень пафарбавалі 450 метраў агароджы, вядуцца работы па добраўпарадкаванні могілак. Не застаецца без увагі падрыхтоўка да перапісу насельніцтва. Гэтым часам вызначаюцца памяшканні для ажыццяўлення дадзенай кампаніі і вядзецца іх падрыхтоўка. Звяртаючыся да санітарнай службы, Л.А. Баркоўскі рэкамендаваў звярнуць увагу на скаргі грамадзян адносна павелічэння колькасці бадзяжных сабак у асобных населеных пунктах.
Алена КАРПЕНКА.