Заслужаны работнік прамысловасці
Мінаем пасёлак Глуша, зварочваем на Карабоўшчыну, і вось яны — першыя хаты аднайменнай з пасёлкам вёскі Глуша. Цэнтральная вуліца і ёсць Беларуская, куды мы кіруемся да заслужанага работніка прамысловасці Беларусі Пятра Лаўрэнцьевіча Шыла.
Дом № 27 на вуліцы прыкметна вылучаецца. Але не памерамі — арыгінальнасцю цаглянай кладкі, дагледжанасцю, сучаснымі атрыбутамі накшталт спутнікавай талеркі. На парозе ветліва сустракае высокі і статны пажылы чалавек, на выгляд не болей 70 год. У доме ўражвае нехарактэрнае для звыклага вясковага быту афармленне пакоя, дзе ўсё наскрозь з дрэва. І сам гаспадар, і ягоная жонка ветліва запрашаюць да стала, частуюць духмянай, з лекавых траў гарбатай, з уласнай гаспадаркі мёдам. Завязваецца гаворка…
Пакінуўшы родную вёску адразу пасля заканчэння Камінтэрнаўскай школы, Пётр Лаўрэнцьевіч прайшоў вялікую і нялёгкую дарогу ад рабочага да кіроўцы буйных прадпрыемстваў — спачатку ў Гомелі, затым у Мазыры, каб потым ізноўку вярнуцца на малую радзіму і пасяліцца тут назаўсёды.
— Чаму? — задаю Пятру Лаўрэнцьевічу пытанне, хоць адказ, здаецца, ведаю загадзя.
— Паклікала бацькоўская хата, — пасля некаторай паўзы адказвае гаспадар. — Адчуў яе прыцягненне настолькі, што не ўтрымалі ні абжытая гарадская кватэра, ні дача, матэрыялы на якую даўно чакалі свайго часу, ні кола сяброў, якімі кожны абжываецца за гады… Тым болей што сыны на той час ужо выраслі, у кожнага — сваё жыццё, а для ўнукаў вёска заўсёды ў асалоду.
Звязаць сваё жыццё менавіта з дрэваапрацоўкай у здольнага выпускніка атрымалася, можна сказаць, выпадкова. Каб не вяртацца ў вёску пасля непраходжання (з 25 балаў па 5-бальнай шкале набраў 23) у Гомельскі інстытут чыгуначнага транспарту, юнак зайшоў у Бабруйскі лесатэхнікум ды так там і застаўся. Пасля яго заканчэння разам з іншымі хлопцамі-аднакурснікамі папрасіўся на работу на адно з найбуйнейшых у Беларусі прадпрыемстваў — Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат. Гэтая галіна якраз тады перажывала значны ўздым, таму на прадпрыемстве вялікую ўвагу надавалі падрыхтоўцы кадраў. Юнакоў ветліва сустрэлі, паклапаціліся, каб не былі галоднымі. Апраўдана лічачы, што кіраўнік любога ўзроўню павінен прайсці выпрабаванне на самых “гарачых” участках, яго напачатку, як цяпер з усмешкай згадвае Пётр Лаўрэнцьевіч, “кінулі ў самае пекла”: рабочым лесапільнага цэха, дзе наўпроч была ручная праца. І толькі з цягам часу прызначылі брыгадзірам. Затым была служба ў арміі, якую мой суразмоўца праходзіў у г. Пушкіна, пасля яе — ізноўку работа на лесакамбінаце. Праўда, ужо на пасадах памочніка майстра, цэхавога майстра, намесніка начальніка і начальніка цэха. Адначасова Пётр Шыла завочна скончыў Маскоўскі інстытут, набыў рэдкую па тым часе спецыяльнасць “інжынер-эканаміст лясной і перапрацоўчай гаспадаркі”. Да абавязкаў ставіўся настолькі адказна, што ў 1967 годзе ён, 30-гадовы, быў удастоены за плённую працу і высокія паказчыкі ў рабоце ордэна “Знак пашаны”.
У хуткім часе не па гадах вопытнаму кіраўніку прапаноўваюць пасаду сакратара парткама дрэваапрацоўчага камбіната. Пасля ўзбуйнення прадпрыемства, далучэння да яго іншых такога ж накірунку і набыцця статусу “Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне “Гомельдрэў” — сакратара парткама (на правах райкама КПБ). І што б цяпер ні казалі іншыя пра членаў партыі, Пётр Лаўрэнцьевіч не саромеецца таго часу: людзі працавалі на сумленне, імкнуліся зрабіць жыццё лепшым.
У 1980 годзе Пётр Лаўрэнцьевіч узначаліў Гомельскую мэблевую фабрыку (філіял аб’яднання), якая вырабляла корпусную мэблю, у тым ліку прэстыжныя сярод пакупнікоў гарнітуры “Іпуць”. Гомельская мэбля карысталася попытам не толькі ў краіне, але і за яе межамі, таму і вытворчыя паказчыкі прадпрыемства былі высокімі.
Усяго праз два гады Пятра Лаўрэнцьевіча папрасілі ўзначаліць роднаснае прадпрыемства — “Мазырдрэў”. У якасці генеральнага дырэктара аб’яднання, а затым ААТ “Мазырдрэў” ён адпрацаваў амаль 20 год. Адсюль пайшоў і на заслужаны адпачынак. Тут жа, падчас работы на “Мазырдрэве”, у 1990 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР нашаму земляку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік прамысловасці БССР”.
…З удзячнасцю згадвае Пётр Лаўрэнцьевіч бацькоў, якія некалі выправадзілі яго ў вялікі шлях, людзей, якія былі яму за настаўнікаў на жыццёвай дарозе. Маючы за плячыма амаль восем дзясяткаў год (у красавіку 2017 г. адзначыць юбілейную дату), ён упэўнены: каб нечага дасягнуць, трэба ставіць мэту і імкнуцца да яе, пры гэтым не разменьвацца на матэрыяльнае. А яшчэ — любіць радзіму. Праехаўшы шмат краін, пабываўшы ў многіх мясцінах былога Савецкага Саюза, ён зразумеў — лепшага месца, чым зямля дзядоў, непрыкметная вёсачка Глуша, на зямлі не знойдзеш.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.