На кантролі – галоўныя пытанні часу
Абмяркоўваючы стан сельскагаспадарчых работ, у прыватнасці, раслінаводчай галіны, на планёрцы, якую ў панядзелак на гэтым тыдні правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта М.У. Шалкоўскі, было адзначана, што сяўба азімых зерневых культур, як тое і планавалася, будзе завершана да 20 верасня. За гэты тыдзень у гаспадарках раёна, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама В.У. Сямёнава, разлічваюць убраць грэчку. Працягваецца ўборка цукровых буракоў, бульбы, кукурузы. Што да апошняй, то ўборку яе, па словах кіраўніка раёна, неабходна актывізаваць.
Сярод галоўных задач малочнай вытворчасці — не толькі рост валавых надояў малака, але і яго таварнасць. Мерапрыемствы па выпраўленні сітуацыі з апошняй там, дзе ў гэтым ёсць неабходнасць, праводзяцца. Па-ранейшаму складанай сітуацыя з малаком застаецца ў СВК “Гігант”, дзе, нягледзячы на прынятыя меры, дасягнуць станоўчых вынікаў пакуль не ўдаецца, і ў ААТ “ЛенінаАгра”. Дзве гэтыя гаспадаркі на сёння мінусуюць па валавой вытворчасці малака.
Усе суб’екты гаспадарання ў абавязковым парадку павінны забяспечваць выкананне даведзенага паказчыку па росце заработнай платы, — адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Т.М. Рудая. Па выніках васьмі месяцаў дадзенае заданне раёнам забяспечана болей, чым на 101 працэнт да ўзроўню мінулага года. Між тым, асобнымі суб’ектамі гаспадарання, такімі як ДЛГУ “Бабруйскі лясгас”, УКП “Жылкамунгас”, ААТ “ПМК-84 Водбуд” (знізілі аб`ёмы вытворчасці), УА “БДПЛ-13” і іншымі, яно не выканана. Завастраючы ўвагу на дадзенай акалічнасці, Міхаіл Уладзіміравіч парэкамендаваў кіраўнікам гэтых арганізацый, у прыватнасці, ліцэя №13, пашырыць кола аказваемых установай паслуг.
1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей. Не пакінуць без увагі былых работнікаў прадпрыемстваў, тых, хто сваёй працай садзейнічаў дасягненню высокіх паказчыкаў у вытворчасці, — заклікала прысутных на планёрцы кіраўнікоў намеснік старшыні райвыканкама С.С. Носава. Таксама было адзначана, што ў раёне завершана абследаванне дамоў адзінокіх грамадзян на прадмет іх падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону.
Не былі пакінуты без увагі і такія пытанні як будаўніцтва жылля на сяле, будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу ў СВК “Калгас імя А. Неўскага”, добраўпарадкаванне аграгарадкоў, рэжым работы вулічнага асвятлення ў населеных пунктах, стан злачыннасці на тэрыторыі раёна, меры па яе прафілактыцы і іншыя.
Алена КАРПЕНКА.