Працоўныя моманты: як на вёсцы знайсці справу па душы
Ці ёсць у вяскоўца рэальная магчымасць працаўладкавацца? Якую дапамогу ў гэтым здольна аказаць і аказвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама? Гэтыя, а таксама некаторыя іншыя пытанні, звязаныя з арганізацыяй занятасці насельніцтва, мы задалі загадчыцы сектара занятасці ўпраўлення В.М. Цагельнік.
— Вольга Міхайлаўна, на сёння колькі жыхароў раёна шукаюць працу праз вашую службу?
— На 1 лістапада на ўліку па беспрацоўі значылася 47 грамадзян. А ўвогуле, пачынаючы са студзеня, на ўлік было пастаўлена 432 чалавекі, з якіх беспрацоўнымі прызнаны 294. Садзеянне ў працаўладкаванні аказана 387 грамадзянам (250 беспрацоўным).
— А колькі ў базе дадзеных упраўлення вакансій?
— Гэтым часам у раённых арганізацыях маецца 193 вакансіі, з якіх 115 (60%) — рабочых прафесій. Тут жа заўважу, што каэфіцыент напружанасці на 1 лістапада склаў 0,2%. Умоўна кажучы — на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца 4 вакансіі, на аднаго беспрацоўнага з рабочай спецыяльнасцю — больш за 2. Параўноўваючы з адпаведным перыядам мінулага года, сёлета каэфіцыент напружанасці некалькі знізіўся — у 2015 годзе на 62 беспрацоўных мелася 212 вакансій.
— З рабочых спецыяльнасцей якія пераважаюць?
— Сельскагаспадарчага накірунку. Раёну патрабуюцца жывёлаводы, аператары машыннага даення, трактарысты-машыністы сельгасвытворчасці. Маюцца вакансіі слесара па рамонце абсталявання, машыніста-качагара кацельнай, падсобнага рабочага, слесара аварыйна-аднаўленчых работ. Але ёсць вакансія і парыкмахера. З нерабочых спецыяльнасцяў вялікая патрэба ў ветурачах, ветэрынарных фельчарах. Сельгаспрадпрыемствам патрабуюцца аграномы, бухгалтары, галоўныя бухгалтары, галоўныя заатэхнікі, галоўныя інжынеры, галоўныя энергетыкі.
— Падчас выбару вакансіі памер заробку, напэўна, на першым месцы?
— Так, і гэта нармальная з’ява: чалавек хоча ведаць, колькі грошай атрымае за сваю працу. Але тут варта разумець, што, выстаўляючы вакансіі, наймальнік у якасці заробку ўказвае звычайна толькі аклад. Калі ж чалавек добра працуе, уносячы тым самым значны ўклад у развіццё прадпрыемства, то зможа разлічваць і на іншыя выплаты, скажам, прэмію. Усё гэта абгаворваецца непасрэдна з наймальнікам.
— Якое выйсце прапаноўваеце тым, чыя спецыяльнасць незапатрабавана на рынку працы?
— Пры немагчымасці на працягу некаторага часу працаўладкавацца па спецыяльнасці грамадзяніну прапаноўваецца атрымаць іншую, тую, у якой маецца патрэба. Прычым, перавучванне гарантуецца працоўным месцам. Іншая справа, што грамадзянін пасля навучання можа стаць індывідуальным прадпрымальнікам ці захоча рэалізаваць сябе ў другой мясцовасці. Каб не быць галаслоўнай, адзначу, што з пачатку года мы ўжо перавучылі 16 жыхароў раёна. У якасці дадатковай грамадзяне набылі такія спецыяльнасці, як машыніст-качагар кацельнай, аператар кацельнай, вальшчык лесу, маляр-штукатур, абліцоўшчык-плітачнік, вадзіцель аўтапагрузчыка, повар. Усе яны працаўладкаваны.
— Чула, што служба занятасці можа пасадзейнічаць грамадзянам і ў перасяленні — туды, дзе яны змогуць сябе прафесійна рэалізаваць?
— Так. І гэта яшчэ адзін накірунак нашай дзейнасці. У гэтым годзе тры сям’і такім чынам пераехалі ў наш раён: з Бабруйска, Рагачова і Глускага раёна. А вось ад нас сёлета ніхто не паехаў. Прычым падчас перасялення аказваецца матэрыяльная дапамога: з горада ў вёску — 9 БПМ (бюджэтаў пражытачнага мінімуму) на дату працаўладкавання, з раёна ў раён — 7 БМП.
— Ці садзейнічае служба занятасці адкрыццю грамадзянамі ўласнай справы?
— Зразумела. Калі чалавек не меней месяца значыцца беспрацоўным і мы не можам яму прадаставіць работу па спецыяльнасці, то, разам з іншым, прапаноўваем распрацаваць уласны бізнес-план і стаць індывідуальным прадпрымальнікам. Для гэтага можам накіраваць на адпаведныя курсы. Затым камісійна вывучаем бізнес-план. І калі бачым, што ідэя заслугоўвае быць рэалізаванай, вылучаем пад яе субсідыю. У гэтым годзе субсідыі на адкрыццё ўласнай справы былі вылучаны 3 вяскоўцам.
— Наколькі ведаю, у кастрычніку адбыліся змены заканадаўства ў часці занятасці насельніцтва. Нашым чытачам будзе цікава пачуць пра іх.
— Так, змены адбыліся. Прычым, датычацца і тых, хто шукае працу, і наймальнікаў. У прыватнасці, скараціўся тэрмін, на працягу якога чалавек можа значыцца на ўліку ў якасці беспрацоўнага — з 36 да 18 месяцаў. Калі раней грамадзянін, атрымаўшы накірунак на працу, павінен быў з’явіцца да наймальніка на працягу 3-х працоўных дзён, то цяпер на працягу 2-х. Наймальнік абавязаны пісьмова ўведаміць органы па працы, занятасці і сацабароне пра наяўнасць вакансій на працягу 5 дзён з дня іх стварэння з указаннем умоў працы і памеру заробку. У адпаведнасці з папярэднім законам такі перыяд складаў 2 тыдні. Сярод асноўных змен і тое, што грамадзяне, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 год (акрамя грамадзян, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту), могуць быць накіраваны на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі альбо для асваення зместу адукацыйнай праграмы навучальных курсаў у парадку і на ўмовах, якія вызначаны для беспрацоўных.
Алена КАРПЕНКА. Фота Алеся КРАСАВІНА.
Зрэшты, пра “дармаедскія”
На гэты час у спісе жыхароў раёна, якія ў 2015 годзе не ўдзельнічалі ў фінансаванні жыццядзейнасці краіны, — каля 2000 чалавек. Аднак лічба гэтая, як адзначыла начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб падатковай інспекцыі МПЗ па Бабруйскім раёне Алена Жукава, не апошняя. Спіс удакладняецца, у параўнанні з першапачатковым — прыкметна зменшаны. Напрыклад, да часткі грамадзян была прыменена ільгота па выхаванні дзяцей да 7 год, яшчэ частка прадаставіла неабходныя дакументы для пацвярджэння свайго афіцыйнага працаўладкавання за мяжой і г. д.
Прадугледжана магчымасць для грамадзян, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, звяртання ў мясцовыя органы ўлады, надзеленыя функцыяй вызвалення ад платы збору.
Частцы жыхароў раёна ўжо дасланы паведамленні аб неабходнасці заплаціць збор. Нягледзячы на тое, што яго памер 360 рублёў — 20 базавых велічынь на 1 студзеня года, за які плаціцца, — сума для кожнага чалавека вызначаецца індывідуальна, з улікам шэрагу прапісаных заканадаўствам нормаў. Тэрмін заплаціць збор для тых, хто ўжо атрымаў паведамленне, да 15 лістапада. Растэрміноўка не прадугледжана, заплаціць яго належыць аднаразова. За няўплату альбо няпоўную аплату збору прадугледжан штраф ад 2 да 4 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. Ужо з 16 лістапада на няўплачаную суму будзе налічвацца пеня.