Темы

Шчаслівае жыццё — мірнае жыццё

Шчаслівае жыццё — мірнае жыццё
1 студзеня Альфонсу Кліменцьевічу Альшуку з пас. Глуша споўнілася 90 год. Гэта калі па дакументах. Сам жа ветэран Вялікай Айчыннай, інвалід вайны лічыць сябе на год старэйшым. Блытаніна ўзнікла падчас ваеннага ліхалецця, якое не тое што з паперамі наблытала — з чалавечым жыццём не лічылася. Між тым ні на 90, ні тым болей на 91 год мой суразмоўца не выглядае: усё такі ж статны, як у маладосці, увішны, нягледзячы на праблемы са здароўем, з ясным позіркам вачэй і выдатнай памяццю, якая ўтрымлівае не толькі радасныя падзеі ў жыцці, але і тое, на што б хацелася забыцца…

DSC0000425

Першая трагедыя ў жыццё майго суразмоўцы, тады 11-гадовага хлапчука з вёскі Дунаі Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна Мінскай вобласці, прыйшла са смерцю бацькі. Апошняй самой па сабе як бы і не было — ніхто бацьку не хаваў і на хаўтурах не прысутнічаў — але дадому галава сям’і пасля таго, як вывелі яго з хаты ў 1937 годзе, ужо не вярнуўся. Альфонсу Кліменцьевічу трывала ўрэзаліся ў памяць тыя імклівыя хвіліны растання… Без слёз не можа іх згадваць і цяпер. І дагэтуль не разумее, каму і якую дарогу перайшоў бацька — на ўсю акругу кузнец, шчыры, працавіты, далёкі ад палітыкі чалавек? Забіралі бацьку бліжэй да апоўначы, калі сям’я спала. Было гэта ў познюю восень: на двары ўжо ляжаў снег, і чужыя людзі прыехалі ў санках. Адзежу бацька апрануў тую, у якой завіхаўся па гаспадарцы. Назаўтра маці сабрала цёплыя рэчы: новенькія валёнкі, якія ў Дунаях выраблялі па-майстэрску, новы выходны кажух — і панесла ў раённую камендатуру з просьбай перадаць мужу. Адмовілі. Сказалі, што перадачы забаронены. Пачалося штодзённае чаканне, якое скончылася акурат перад самай вайной, калі праз Дунаі (вёска месцілася на самай мяжы з Польшчай) праходзілі чырвонаармейцы. Група з чатырох чалавек размясцілася на ноч у іх хаце. Завязалася размова, запыталіся, дзе гаспадар. Маці адказала і тут жа паскардзілася, што не прынялі перадачу з верхняй вопраткай, і бацька, напэўна, мерзне зімой. Адзін з чырвонаармейцаў адказаў як адрэзаў: “Няма яго ў жывых, тады ж і расстралялі”. Гэты чалавек, з яго слоў, некаторы час працаваў у галоўнай камендатуры і быў добра знаёмы з той жахлівай “кухняй”.

Пасля таго як забралі гаспадара, сям’і, у якой было сямёра дзяцей, даводзілася надзвычай складана. Таму старэйшага брата забрала да сябе ў пас. Глуша бабуля па мацярынскай лініі. З Глушы ён ў 1938 годзе пайшоў служыць у войска, а адтуль быў накіраваны ў дзеючую армію — пачалася Вялікая Айчынная вайна. Дамоў з вайны брат не вярнуўся — прапаў без вестак.

З дзяцей-хлопцаў Альфонс застаўся ў сям’і за старэйшага. На ім была гаспадарка: маці працавала ў калгасе. Немцы ў Дунаях з’явіліся літаральна ў першыя дні ліхалецця: вёска раскінулася па абодва бакі шашы на Мінск. У сярэдзіне вайны ў акрузе Плешчаніц былі створаны партызанскія атрады, якія ўзначалілі былыя работнікі пагранічнай заставы. Многія мясцовыя мужчыны пайшлі ў лес. Баючыся нямецкай расправы, следам накіраваліся цэлыя сем’і. З апошнімі маці адправіла да партызан дочак. Сама засталася з наймалодшым, шасцігадовым сынам і Альфонсам, які дагледжваў поле — трэба было выжываць.

Напярэдадні страшэннай трагедыі, якая напаткала Альшукоў у 43-м, юнак сеяў авёс на паляне паблізу лесу. Маці абяцала прынесці ў абед падсілкавацца, але чамусьці затрымлівалася. Хлопец распрэг каня і верхам накіраваўся да вёскі. Ля першых хат яго спыніў знаёмы дзядзька і параіў вяртацца назад. Маўляў, у Дунаях немцы. Маці, пабачыўшы іх, пакінула ежу ў хмызняку і вярнулася назад, каб не пакідаць малога аднаго ў хаце. Альфонс разам з сябрам-аднагодкам вярнуўся ў лес, дзе яны ведалі кожную сцяжынку і дзе з лёгкасцю маглі знайсці схованку. Калі змерклася, вярнуліся дамоў: немцы па шашы рухаліся толькі ўдзень, і верагоднасць таго, што яны спыняцца ў вёсцы на ноч, была невялікай. Перажываючы за старэйшага сына, даволі рослага на выгляд, маці вырашыла адправіць яго раніцай, разам з суседам да партызан. Але заставацца ў хаце толькі з адным дзіцём таксама было рызыкова: у немцаў маглі ўзнікнуць падазрэнні, што з сям’і нехта ў партызанах ці, як яны гаварылі, у бандытах. Таму было вырашана, што ўначы з лесу прыйдуць дочкі.

Гаворачы пра тое, што здарылася далей, пажылы чалавек ізноў выцірае слёзы.

…Сярод партызан пайшлі чуткі — гараць вёскі. Нехта выказаў меркаванне — Дунаі. Не звяртаючы ўвагу на небяспеку, кожны кінуўся да свайго падворка. З усімі разам — і Альфонс. Не знайшоўшы на папялішчы слядоў прысутнасці людзей, юнак узрадаваўся — можа дзе схаваліся і выратаваліся родныя. Спадзяванні развеяў сусед. Сказаў, быццам чуў, што маці, баючыся заставацца ў хаце адна з дзецьмі, прасілася да знаёмых. Апошняе пацвердзілася. У гэтым юнак упэўніўся асабіста — пазнаў родных па адзежы… Пазней відавочцы расказалі, што немцы тады загадалі ўсім жыхарам выйсці з хат і пастроіцца на галоўнай вуліцы. Маладых і здаровых, сярод якіх і сястра Альфонса, адабралі для работ у Германіі. Астатнім загадалі зачыніцца у хатах. Пасля таго як людзі выканалі загад, немцы падыходзілі да кожнай хаты, пускалі ў вокны аўтаматныя чэргі і туды ж праз пабітае шкло кідалі вогненныя шашкі, ад якіх тут жа займаўся пажар.
Разам з тым жа сябрам, што былі ў лесе, выкапалі непадалёк ад папялішча магілу, заслалі яе новенькімі прасцінамі — іх хлопец дастаў з мамінага сховішча пад падлогаю, які яна зрабіла, калі толькі пачалася вайна. Дрыжэлі рукі, падкошваліся ногі, сэрца рвалася на волю і душылі слёзы — але ён мусіў быць дарослым…
У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі і родных мясцін з-пад нямецкай акупацыі, 18-гадовага юнака палявым ваенкаматам мабілізавалі ў войска. Накіравалі ў запасны полк, вывучылі вайсковай справе. Пад канец вучобы разам з сябрам-украінцам накіравалі ў мінамётную роту, дзе ён быў наводчыкам. Рота ўваходзіла ў склад 3-га Беларускага фронту, трымала напрамак на Кенігсберг. І хоць ваенныя дарогі Альфонса Кліменцьевіча не былі доўгімі — пасля ранення быў накіраваны ў шпіталь — давялося пабываць не ў адным напружаным баі, развітацца не з адным таварышам. Пасля лячэння маладога чалавека пакінулі пры шпіталі падтрымліваць цеплазабеспячэнне.

Добра памятае мой суразмоўца і перамогу над гітлераўскай Германіяй, калі ўсім выдалі па 100 грамаў гарэлкі. Радаваліся заканчэнню вайны, плакалі, абдымалі адзін аднаго, віншавалі. Але ў 45-м вайна для маладога чалавека не скончылася: шпіталь і часць, да якой ён адносіўся, накіравалі ў Благавешчанск на Далёкі Усход, дзе вяліся баі з Японіяй. Калі і там надыйшлі мірныя дні, часць расфарміравалі, і Альфонс Кліменцьевіч вярнуўся ў Беларусь. Спачатку ў родныя Дунаі, потым у Глушу, дзе жылі бабуля, цёткі і на той час ягоныя дзве сястры. Пасяліўся ў цёткі. Вывучыўся на трактарыста, стаў працаваць у лясніцтве — краіна адбудоўвалася, і маладыя сілы асабліва патрабаваліся. Пазней прапанавалі работу на мясцовым шклозаводзе. За сумленныя адносіны да працы прадпрыемства выдзеліла маладому работніку хоць і невялікую, але ўласную кватэру. Ажаніўся. Сталі будаваць сваё жытло. Гадавалі з жонкаю дзяцей: дачку і сына, займаліся стваральнай працай — радаваліся мірнаму жыццю. Роднаму прадпрыемству Альфонс Кліменцьевіч аддаў не многа не мала — 40 год. Адтуль пайшоў і на заслужаны адпачынак.

У наступным месяцы роўна тры гады, як пайшла з жыцця верная спадарожніца ветэрана, яго надзейная палавінка Кацярына Рыгораўна. На іх сумесным жыццёвым рахунку — 63 гады! Не проста было пажылому чалавеку прызвычаіцца да адзіноты. Але падтрымалі дзеці, якія, жывучы ў Мінску, частыя госці ў бацькоўскім доме (пра праўнукаў ветэран гаворыць выключна з гонарам і падзякай): занатоўваюць усім неабходным, застаецца толькі схадзіць па хлеб у мясцовую краму. Дарэчы, робіць гэта Альфонс Кліменцьевіч самастойна — фізічная размінка, лічыць, яму не лішняя. Сам згатуе суп, пакорміць ката, вытапіць печ. За гэтым заняткам мы і засталі былога салдата, калі разам са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Яўгеніяй Доўнар завіталі, каб павіншаваць з юбілейнай датай. Прыбрацца ў хаце ці зрабіць іншую тэрміновую справу да ветэрана наведваецца сацыяльны работнік.

— Жыццё — яно мала ў каго бывае гладкім, — падводзячы вынікі свайго аповеду, заўважае ветэран. — Але не дай Божа перажыць і паспытаць таго, што выпала на лёс ваеннага пакалення. І каб тых жудасцей не спазнаць, трэба берагчы і захоўваць мір. Шчаслівым чалавек можа быць толькі пад мірным небам.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

Последние новости

Актуально

Чудес много не бывает. В рамках акции «Наши дети» глава района посетил детский дом семейного типа в Глуше

27 декабря 2024
Читать новость
Общество

Депутаты исполняют детские мечты

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Утверждены прогнозные показатели социально-экономического развития и бюджет района на 2025 год. Рассказываем подробности

27 декабря 2024
Читать новость
Общество

В раздел «Опасная продукция» Госстандарт Беларуси внес два вида шоколадных яиц из-за несоответствия требованиям технических регламентов Таможенного союза

27 декабря 2024
Читать новость
Происшествия и безопасность

Министр МЧС озвучил, какие проблемы с безопасностью есть в белорусских ТЦ

27 декабря 2024
Читать новость
Актуально

О приоритетах белорусского председательства в ЕАЭС и позиции Пашиняна, которая не поддается объяснению. Подробности из кулуаров саммита

27 декабря 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем