Моладзі ў асалоду, пажылым у радасць
Добра разумеючы, што пажылым людзям не заўсёды пад сілу самастойна справіцца з работай, якая патрабуе павышаных фізічных намаганняў, валанцёры з ліку навучэнцаў раённых устаноў адукацыі выйшлі на неабвешчаны суботнік — барацьбу са снегавымі намётамі, выкліканымі наступствамі паўднёвых цыклонаў “Даніела” і “Эма”.
Расчысткай ад снегу дарожак у дварах дамоў бабуль і дзядуль у вёсках Каменка і Шчаткава ў гэты дзень займаліся навучэнцы БДПЛ №13. Моладзь гэтай жа ўстановы прывяла ў парадак і помнік землякам, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, у в. Слабодка. Пажылым людзям аг. Леніна ачышчаць двары дапамаглі вучні мясцовай школы. Навучэнцы БДАЭКа расчысцілі ўласную тэрыторыю. Не засталіся ў баку ад паўсямеснай расчысткі снежных завалаў і работнікі з ліку актывістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама Цэнтра творчасці раёна — усе разам яны ў лічаныя хвіліны расчысцілі ад снегу тэрыторыю і пешаходную зону ля раённага Цэнтра культуры.
Алена КАРПЕНКА. Фота Веранікі ПАДАЛЯК.