Каб канікулы прынеслі радасць і задавальненне
У школьнікаў пачаліся канікулы. І калі самі яны гэты час успрымаюць як значнае паслабленне ў працоўным рэжыме дня, то для суб’ектаў прафілактыкі тры летнія месяцы — час павышанай увагі да дзіцячай бяспекі. У сувязі з гэтым важная роля надаецца занятасці непаўналетніх, арганізацыі вольнага часу такім чынам, каб канікулы далі дзецям магчымасць аздаравіцца, набрацца моцы і станоўчых уражанняў, “адцягнулі” іх ад камп’ютараў і не справакавалі на неабдуманыя ўчынкі, супрацьпраўныя дзеянні. Што ў гэтым плане зроблена ў раёне, дзе будуць бавіць вольны час школьнікі — на гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць намесніка начальніка камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Н.В. Праташчык.
— Наталля Вячаславаўна, якая работа па забеспячэнні дзіцячай занятасці папярэднічала аздараўленчаму сезону?
— Пачну з таго, што на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое адбылося 26 мая, зацверджана міжведамасная праграма “Клопат”. Яна рэалізуецца штогод, з мая па кастрычнік. Мэта праграмы — арганізацыя вольнага часу і адпачынку дзяцей улетку. Прадугледжаныя ў яе рамках мерапремствы, якія праводзяцца ўсімі суб’ектамі прафілактыкі, накіраваны на забеспячэнне максімальнай працоўнай занятасці і вольнага часу непаўналетніх, асабліва тых, што састаяць на розных відах уліку, а таксама папярэджанне супрацьпраўных паводзін, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця і асазнаных адносінаў да свайго здароўя. Разам з тым — развіццё інтэлектуальнага, духоўнага патэнцыялу, творчых здольнасцей і інтарэсаў дзяцей, далучэнне іх да розных відаў дзейнасці. Акрамя таго, 27 мая праведзена рабочая нарада з удзелам дырэктараў устаноў адукацыі, начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А.В. Сауліча, старшынёй камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама С.С. Носавай. На ёй абмеркавана пытанне арганізацыі занятасці школьнікаў у летні перыяд. Пры гэтым акцэнт зроблены на занятасці непаўналетніх, якія састаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама тых дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Калі дакладна, то чым будуць заняты школьнікі, дзе змогуць правесці вольны час?
— У раёне арганізавана работа аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем рознага профілю для 252 навучэнцаў. Плануецца работа двух турысцкіх перасоўчых лагераў на 22 чалавекі. Адзін з іх будзе дзейнічаць з 12 да 20 чэрвеня на базе Варатынскай сярэдняй школы, другі — з 22 да 30 чэрвеня на базе Гарбацэвіцкай. Таксама будзе арганізавана работа чатырох лагераў працы і адпачынку для 48 наведвальнікаў і работа аздараўленчага лагера “Бабраня-2010”, які прыме дзяцей у дзве змены. У першую дзеці адпачнуць з 28 чэрвеня па 15 ліпеня, у другую — з 18 ліпеня па 4 жніўня. І, вядома ж, працягнуць сваю работу ўсемагчымыя гурткі па інтарэсах у сельскіх дамах культуры. У школах будуць працаваць спартыўныя секцыі і гурткі ад Цэнтра творчасці. Запланавана работа зводных атрадаў.
— Работа суб’ектаў прафілактыкі па забеспячэнні дзіцячай бяспекі і папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў, вядома ж, важная, але не меней значным з’яўляецца бацькоўскі ўдзел у гэтым, іх “пільнае вока”?
— Без сумнення. Каб дзеці за лета добра адпачылі, каб яны былі здаровымі і не трапілі ў непажаданыя гісторыі, бацькам варта ўзяць на ўзбраенне шэраг правілаў: абавязкова правесці з дзецьмі індывідуальныя размовы, накіраваныя на фарміраванне ў іх навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці; пастаянна быць у курсе, дзе і з кім бавяць час дзеці, не дазваляць ім уступаць у размову з незнаёмцамі, садзіцца ў машыну да незнаёмых людзей. Упэўніць дзіцяці, што, незалежна ад таго, што адбылося, вы павінны ведаць пра здарэнне. Ні ў якім разе не злуйцеся на яго. Заўжды прыміце бок дзіцяці, растлумачце, што некаторыя факты нельга трымаць у тайне. Тлумачце непаўналетнім пра небяспеку гульняў на вадаёме, у незнаёмым месцы і без нагляду дарослых. Каб не стаць ахвярай альбо віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння, навучыце дзяцей правілам дарожнага руху і самі іх прытрымлівайцеся. Вывучыце з дзецьмі правілы кіравання веласіпедам, скутэрам, мапедам, матацыклам. Праяўляйце асцярожнасць і выконвайце ўсе патрабаванні бяспекі, знаходзячыся з дзецьмі на гульнёвай пляцоўцы, у паходзе. Штораз нагадвайце ім пра небяспеку свавольства з запалкамі, ні ў якім разе не пакідайце без нагляду малалетніх дзяцей. Памятайце, што за любыя правапарушэнні, ўчыненыя дзецьмі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, адказнасць нясуць у першую чаргу бацькі.
— Дзякуй, Наталля Вячаславаўна, за размову. Хочацца спадзявацца, што вашыя слушныя парады бацькі возьмуць на ўзбраенне, і лета прынясе дзецям і ім самім толькі радасць і задавальненне.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву рэдакцыі.
Памятайце! Позна ўвечары і ноччу (з 23 да 6 гадзін мясцовага часу) дзецям і падлеткам заканадаўча забаронена з’яўляцца на вуліцы без суправаджэння дарослых.
У адпаведнасці з арт. 9.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за ўчыненыя непаўналетнімі, якія не дасягнулі ўзросту, з якога надыходзіць адказнасць правапарушэнні, бацькі выклікаюцца на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь.
Кіраванне скутэрам і матацыклам без правоў на іх забаронена. За дадзенае правапарушэнне на накладваецца штраф у памеры 10 базавых велічынь.