Чым запомніцца год
Гэтымі днямі, як ніколі, сярод людзей пануе ўзрушанасць і нават апантанасць. Яно і не дзіўна: на парозе Новы год — трэба паспець занатавацца прадуктамі да святочнага стала, прыдбаць сёе-тое для навагодняй елкі, а то і саму прыгажуню, сур’ёзна падыйсці да выбару падарункаў для родных і сяброў, набыць абноўку… А там і 31-е — на працу, з працы, да пліты: адбіўныя, курыца, салаты аліўе, «французскі», «пад шубай», «з ананасамі»…, урыўкамі прагляд, а то і толькі праслухоўванне любімай стужкі “З лёгкім парам”… За хвіліну да апоўначы — імкліва да стала, рупліва адкаркоўваем шампанскае і вось ён — доўгачаканы Новы год!
А што ж стары? За клопатамі і турботамі пра надыходзячы мы пра яго, часцей за ўсё, незаслужана забываем. Між тым кожны пражыты год — хочам мы таго ці не — адкладваецца ў нашым сэрцы і ў нашай памяці: добрымі і не надта падзеямі, завершанымі і распачатымі справамі, шчаслівымі альбо нешчаслівымі імгненнямі, прыемнымі ці непрыемнымі сустрэчамі. І як бы ў цэлым мы яго ні ўспрымалі, гэта быў наш год: мы ў ім жылі, радаваліся і сумавалі, тварылі і перамагалі, верылі, кахалі і спадзяваліся. Мы ЖЫЛІ, за што і ўдзячныя 2014 году.
А калі ў прыватнасці, то асабіста мне адыходзячы год запомніцца… замяшчэннем праваднога ра- дыёвяшчання на лічбавае. Станоўчае гэта пераўтварэнне ці не — выявіць час, але ўжо цяпер магу сказаць, што спраў у сувязі з гэтым у мяне як загадчыка аддзела радыёвяшчання, ды і ва ўсяго калектыва “раёнкі”, значна прыбавілася: каб давесці да патэнцыяльных слухачоў інфармацыю аб самім факце замяшчэння, а таксама аб тым, дзе можна набыць неабходны прыёмнік, якім ён павінен быць, на якім канале і якой частаце трэба слухаць “Бярэзінскую хвалю”, давялося напісаць не адну рэкламную лістоўку, пабываць не ў адным працоўным калектыве.
Адыходзячы год асабіста мне запомніцца таксама раённымі “Дажынкамі”. На такім узроўні свята сёлета ладзілі ўпершыню, атрымалася, як мне здаецца, цудоўна. З задавальненнем парадавалася і за хлебаробаў, у гонар якіх было сказана шмат цёплых слоў, і за адзначаных узнагародамі лепшых работнікаў усіх сфер дзейнасці раёна, і за мясцовых жыхароў, якія не хавалі захаплення ад таго, што гонар прымаць гасцей з усёй Бабруйшчыны выпаў менавіта ім, кавалёўцам. Тым больш што ў аграгарадку ёсць што паказаць і ёсць чым пахваліцца.
Застанецца ў памяці год і кадравымі зменамі ў раёне, якія адбыліся як у кіруючым складзе — на пасаду старшыні райвыканкама заступіў Аляксандр Васільевіч Осіпаў, раённы Савет дэпутатаў узначаліў Аляксандр Іванавіч Емяльянаў, першым намеснікам старшыні райвыканкама прызначаны Анатоль Леанідавіч Ланкуць, так і непасрэдна ў нашай рэдакцыі, якую з верасня ўзначаліла Вольга Генадзьеўна Грэк.
Без сумнення, моцнае ўраджанне пакінула святкаванне 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут, як кажуць, без каментарыяў. А ў сувязі з падзеямі ва Украіне асабліва востра адчуваеш, які ты шчаслівы, што над галавой мірнае неба. Так хочацца, каб бязвоблачным яно было і ў суседзяў, і ва ўсім свеце.
Чым запомніцца год яшчэ? Напэўна, выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія адбыліся на яго пачатку і за якімі мы, супрацоўнікі газеты, уважліва сачылі, даводзячы да чытачоў і радыёслухачоў ход перадвыбарнай кампаніі.
А яшчэ — падаткам на набыццё валюты і размовамі то тут, то там аб прыдбанні ў суседняй Расіі новага аўто.
Вось, здаецца, і ўсё. Але гэта, паўтаруся, выключна маё ўспрыманне года, а чым запомніўся 2014-ы іншым — у адказах маіх суразмоўцаў.
В.М. Казлоў, сакратар раённага Савета ветэранаў:
— Адыходзячы год запомніцца выбарамі дэпутатаў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Мне давялося ўзначаліць раённую камісію па выбарах і актыўна папрацаваць на працягу чатырох месяцаў. Выбары правялі, лічу, паспяхова, зараз дэпутаты актыўна працуюць, прыемна, што жыхары раёна абралі лепшых сваіх прадстаўнікоў. З 1 чэрвеня я стаў членам раённага Савета ветэранаў, пачалася яшчэ адна веха маёй дзейнасці — таксама для мяне адметная падзея года. А яшчэ — сёлета споўнілася два гады майму ўнуку Ванечцы, з якім вельмі люблю бавіць час. Радуе, што падрастае будучая змена.
П.М. Маслаў, хармейстар народнага калектыву “Дубравушка” Туголіцкага СДК:
— 2014-ты год запомніцца тым, што Туголіцкі сельскі дом культуры, дзе я працую, сёлета зарэкамендаваў сябе як ніколі: прыйшло новае пакаленне кіраўнікоў і здолела падняць работу на новы творчы ўзровень. У асабістым жыцці ўсё стабільна — жонка, дзеці, унукі, і гэта таксама радуе.
М.А. Сакун, намеснік старшыні СВК “Гігант”:
— Год запомніцца, па-першае, чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску. Прыемна, што спаборніцтвы такога высокага ўзроўню пры выдатнай арганізаванасці прайшлі ў Беларусі. Па-другое, цудоўным ураджаем зерневых культур і бульбы, які сёлета нашая гаспадарка атрымала. Незабыўнае ўражанне пакінулі абласныя і раённыя “Дажынкі”. І яшчэ адно яскравае ўраджанне 2014 года — мой унук пайшоў у першы клас.
В.А. Грыгор’ева, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Пярэзвы”:
— Адыходзячы год для мяне знамянальны тым, што мы нарэшце наведалі гасцінную Гагаузію, пра што калектыў марыў на працягу чатырох год. А ўвогуле год быў насычаным у творчым плане: мы прынялі ўдзел у абласных і раённых “Дажынках”. Дарэчы, на раённых, прысвечаных юбілейнай даце Бабруйшчыны, мяне адзначылі як чалавека, які ўнёс значны ўклад у развіццё сацыяльна-культурнай сферы раёна, што надзвычай прыемна. Ну а болей за ўсё 2014-ты запомніцца тым, што ў мяне з’явілася другая ўнучачка, Алеська, і я стала двойчы шчаслівай бабуляй.
Н.І. Арбузава, галоўны бухгалтар РК прафсаюза работнікаў АПК:
— Год запомніўся справаздачна-выбарчай канферэнцыяй. Прыемна, што ў раённы камітэт уліліся новыя прафсаюзныя кадры, прыемна, што засталіся вопытныя, і ў абноўленым складзе камітэт працягне плённа працаваць на карысць членаў арганізацыі, на абарону іх законных правоў і інтарэсаў. Ну а найвялікшая падзея года для мяне — гэта, без сумнення, тое, што ўнучка Надзейка стала першакласніцай, і мы ўсёй сям’ёй за яе парадаваліся.
Алена КАРПЕНКА.