У першую нядзелю кастрычніка прафесійнае свята адзначылі педагогі
Урачыстасць з гэтай нагоды сабрала ў актавай зале раённага Цэнтра культуры ў чацвер на мінулым тыдні тых, чыя галоўная задача — выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення.
Віншуючы педагогаў з надыходзячым святам, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава завастрыла ўвагу на значнай ролі настаўніка ў развіцці грамадства і тым неацэнным укладзе, які сваёй штодзённай працай уносяць педагогі дзеля фарміравання ўсебакова развітай асобы, і пажадала прысутным моцнага здароўя, поспехаў у працы, зацікаўленых вучняў, шчасця ў асабістым жыцці і матэрыяльнага дастатку. Плёну ў рабоце, аптымізму і і ўдзячных вучняў пажадала педагогам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чарнова. З’яўляючыся членам прэзідыума раённай арганізацыі “Белая Русь”, яна ўручыла грашовыя прэміі найбольш актыўным членам грамадскай арганізацыі. Шмат цёплых слоў у адрас цяперашніх педагогаў і тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку, выказала старшыня райсавета галіновай ветэранскай арганізацыі Марыя Масюковіч. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Бокач, разам з цёплымі словамі пажаданняў, уручыла асобным кіраўнікам устаноў адукацыі граматы за развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, садзеянне галіноваму прафсаюзу ў рэалізацыі яго праграм.
Сардэчныя словы, песенныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры і выхаванцаў Цэнтра творчасці раёна — усё гэта адрасавалася падчас свята ім настаўнікам.
Алена КАРПЕНКА.