«Вясёлка» — верны сябар юных чытачоў
Ва ўмовах інфарматызацыі сучаснага грамадства асаблівую актуальнасць набывае фарміраванне інфармацыйнай культуры асобы, перад якой адкрываюцца шырокія перспектывы эфектыўнага выкарыстання накопленых чалавецтвам інфармацыйных рэсурсаў. Бібліятэкі — гэта тое асяроддзе, дзе дзіця можа атрымаць інфармацыю, навучыцца самастойна знаходзіць гэту інфармацыю і навучыцца інфармацыйнай культуры ў цэлым.
Аддзел па рабоце з дзецьмі цэнтральнай раённай бібліятэкі сумесна з бібліятэкай САШ №3 працуе згодна плана правядзення ўрокаў інфармацыйнай культуры. Так, днямі ў каміннай зале цэнтральнай бібліятэкі для ўдзельнікаў агенцтва аматараў “Кнігавічок” і вучняў 2 класа школы №3 арганізаваны займальны ўрок інфармацыйнай культуры «Вясёлка» — гэта наша дзяцінства”. Бібліятэкары ставілі сваёй мэтай далучыць дзяцей да сістэматычнага чытання газет і часопісаў, навучыць асноўным правілам іх чытання, выхоўваць жаданне ў дзяцей самастойна працаваць з перыядычнымі выданнямі на прыкладзе часопіса “Вясёлка”. Як паведаміла бібліятэкар школы №3 Н. Слука, у свет выйшла больш за 600 дзівосных часопісаў, своеасаблівых кніжак. Гэта бібліятэка дзіцячага чытання — сапраўдны скарб. З мэтай нагоды ўдзельнікі мерапрыемства адправіліся ў падарожжа па цікавых старонках “Вясёлкі”. На станцыі “Вытокі” дзеці даведаліся, што заснаваў і 17 гадоў рэдагаваў гэты часопіс Васіль Вітка. На прыпынках “Крышку пра кніжку”, “Хвілінкі-весялінкі”, “Каласавічок”, “Тэрыторыя эрудытаў”, “Музей “Вясёлкі” дзеці чыталі вершы, казкі, апавяданні, дэманстравалі ілюстрацыі часопіса, па серыі сюжэтных малюнкаў самі складалі цікавыя гісторыі. “Вясёлка” была, ёсць і будзе верным сябрам нашых юных чытачоў.
На ўроку інфармацыйнай культуры дзеці пазнаёміліся з беларускімі газетамі і часопісамі, якіх у дзіцячай чытальнай зале вельмі шмат і яны яркія, пазнавальныя і вельмі займальныя. Гэта “Лесавік”, “Рюкзак”, “Рюкзачок”, “Мир путешествий”, “Юный спасатель”, “Весёлый зоопарк”, “Тигра”, “Познайка” і іншыя. Адкрыццём для ўсіх стаў выхад у свет новага часопіса для дзяцей — чытанкі-маляванкі “Буся”. Як паведаміла бібліятэкар цэнтральнай бібліятэкі С. Грыцэнка, прэзентацыя часопіса адбылася на рэспубліканскім свяце — Дні пісьменства ў Быхаве. Бібліятэкары ўпэўнены, што вясёлкаўскі “Буся” стане добрым нянем, выхавальнікам для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак Беларусі.
Галіна Буткевіч,
намеснік дырэктара бібліятэчнай сеткі Бабруйскага раёна.