На планёрцы ў райвыканкаме
Планёрка, якую ў панядзелак на гэтым тыдні правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта М.У. Шалкоўскі, як звычайна, пачалася з абмеркавання спраў сельскагаспадарчых. Трымаючы даклад па дадзеным пытанні, першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А.В. Осіпаў адзначыў, што асноўныя задачы, якія стаяць перад вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі і вырашэннем якіх займаюцца ў раёне гэтым часам, гэта падрыхтоўка да ўборкі хлеба, нарыхтоўка сена, а таксама рост вытворчасці малака і яго якасць. Што да апошняга, то пытанне пастаўлена надзвычай востра: пры наяўнасці ў малаку інгібіруючых рэчаў і антыбіётыкаў, закуп малака з фермы, адкуль яно паступіла, будзе часова прыпынены. Завастраючы ўвагу на пытанні падрыхтоўкі да зернеўборачнай кампаніі, было адзначана, што да 15 ліпеня гатоўнасць раёна павінна быць поўная.
Пачаўся нарыхтоўчы сезон. Насель-ніцтва актыўна ўключылася ў нарыхтоўку карыснай чарніцы. Ягаду ў неабмежаванай колькасці прымаюць ва ўсіх магазінах райспажыўтаварыства. Пры гэтым не абыходзіцца і без «левых» кропак, гаспадары якіх не паклапаціліся, каб заплаціць падаткі ў падатковую службу за ажыццяўленне дадзенага віду дзейнасці і тым самым папоўніць бюджэт раёна. Дзейнасць такіх гандляроў супрацьпраўная, іх выяўленнем, па словах М.У. Шалкоўскага, павінны займацца ўсе, хто не абыякавы да развіцця раёна. У першую чаргу гэта задача зацікаўленых службаў.
Значная ўвага надавалася на планёрцы пытанню навядзення чысціні ў населеных пунктах і абкосцы апошніх ад пустазелля. Гэтыя работы, па словах старшыні райвыканкама, павінны быць актывізаваны, а старшыні сельскіх саветаў — галоўныя, хто павінен быць зацікаўлены ў гэтым і чый абавязак — сачыць за ходам іх выканання, што не заўжды падцвярджаецца на практыцы.
Побач з іншым, на планёрцы абмяркоўваўся ход будаўніцтва аграгарадкоў і звязаныя з ім пытанні, а таксама стан злачыннасці ў раёне і меры, накіраваныя на папярэджанне супрацьпраўных учынкаў.
Алена КАРПЕНКА.