Прагаласаваць — абавязак кожнага
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Антон Каранкевіч сустрэўся сёння з работнікамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама і служб, якія падпарадкоўваюцца райсельгасхарчу. Тэмай размовы сталі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія ў краіне пройдуць 26 студзеня.
Парламентарый засяродзіў увагу на дасягненнях краіны за апошнія 30 год, на міралюбівай палітыцы дзяржавы. З’яўляючыся членам Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці, падрабязна спыніўся на карысці Беларусі ад атамнай электрастанцыі.
Нагадаўшы аўдыторыі артыкул 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што грамадзяне краіны маюць права свабодна абіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы на падставе ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры таемным галасаванні, заклікаў прысутных абавязкова прыняць удзел у выбарах — зрабіць унёсак у шчаслівую будучыню. Пры гэтым парламентарый прывёў дадзеныя сацыялагічнага апытання, якія сведчаць, што ўдзел у выбарах прымае абсалютная большасць беларусаў, у тым ліку 61,5% — заўжды ходзяць галасаваць, 15,7% — стараюцца хадзіць.
Закрануўшы тэму міралюбівай палітыкі дзяржавы, нагадаўшы той факт, што грамадзяне 38 краін свету маюць магчымасць наведвацца ў Беларусь па безвізе, Антон Міхайлавіч заўважыў, што прыйсці 26 студзеня на выбарчыя ўчасткі — значыць, зрабіць выбар на карысць міру.
Фота Віктара ШЭЙКІНА.