Уборачныя работы працягваюцца
На рабочай планёрцы ў райвыканкаме, якую ў гэты панядзелак правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Шалкоўскі, абмяркоўваліся надзённыя пытанні і ставіліся задачы на бягучы тыдзень.
Робячы справаздачу аб справах у раслінаводчай галіне, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Валерый Сяргейчык адзначыў, што ў раёне гэтым часам праводзіцца ўвесь комплекс запланаваных на восень работ. Сярод асноўных, вядома ж, сяўба азімых, якую ў асобных гаспадарках ужо завяршылі. Працягваецца ўборка кукурузы на зялёную масу, а ў філіяле “Варатынь” РУП “БЗ ТДіА” — і на зерне. Ва ўсіх сельгасарганізацыях прыступілі да ўборкі цукровых буракоў. На раніцу панядзелка 11 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых пад культуру плошчаў ужо было ўбрана. Ураджайнасць у сярэднім па раёне склала 397 ц/га, найвышэйшы яе паказчык (526 ц/га) — у СВК “Калгас імя А. Неўскага”. Актыўна, як было адзначана, у гаспадарках капаюць бульбу. Самая высокая ўраджайнасць (451 ц/га) у СВК “Гігант”, другі паказчык (339 ц/га) — у філіяле “Варатынь”, трэці (303 ц/га) — у СВК “Калгас імя А. Неўскага”. Прыступілі ў раёне да ўборкі кармавых караняплодаў. Працягваюць убіраць гародніну.
Падводзячы вынікі абмеркаванага, кіраўнік раёна парэкамендаваў не забывацца на культуру земляробства: там, дзе патрабуецца абкоска палёў, выконваць яе своечасова і якасна, не чакаючы заўваг з боку. Тое самае тычыцца і населеных пунктаў.
Алена КАРПЕНКА.