І зноў «тысячнік»!
Камбайнераў і вадзіцеляў, якія намалацілі і перавезлі ў жніво тысячу тон зерня, у раёне становіцца ўсё болей. Сёння запаветную мяжу пераадолеў вадзіцель ААТ «Міхалёўская Ніва» Сяргей Шырокі.
З прыемнай місіяй — павіншаваць перадавікоў жніва: вадзіцеля-”тысячніка” і экіпаж зернеўборачнага камбайна пад началам старшага камбайнера Валянціна Тарасевіча, аб’ёмы намалочанага зерня якога на гэтую пару — найбольшыя ў гаспадарцы, і ўручыць ім ад Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў каштоўныя падарункі ў сельгаспрадпрыемства наведаўся галоўны тэхнічны інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш” Генадзь Гоманаў.
Віншаванні лідару жніва і падзяку за неацэнны ўнёсак у справу харчовай бяспекі краіны па традыцыі выказаў старшыня Бабруйскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Максім Ганжураў. Ад раённай галіновай арганізацыі ён уручыў Сяргею Анатольевічу ліст удзячнасці і каштоўны падарунак.
Не абыйшлі ўвагай перадавых хлебаробаў і ў самой гаспадарцы. Цёплыя словы прызнання і падзяку за працу выказалі ім намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Фамінок і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі “Міхалёўскай Нівы” Надзея Колтун. Ад “пярвічкі” лепшыя работнiкi таксама атрымалі каштоўныя падарункі.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.