Падыход павінен быць адказным
На планёрцы ў райвыканкаме, якую ў гэты панядзелак правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Шалкоўскі, пытанні абмяркоўваліся злабадзённыя і ў большасці сваёй традыцыйныя для гэтага сезона: ход жніва, нарыхтоўка саломы і корму для грамадскай жывёлагадоўлі, падрыхтоўка суб’ектаў гаспадарання да зімы, абкоска ад расліннасці тэрыторый населеных пунктаў і дарог.
Апошняе, на думку кіраўніка раёна, нельга назваць здавальняючым. Прычым, такім чынам справы абстаяць не толькі ў аддаленых маланаселеных вёсках, але і ў некаторых аграгарадках. Большая ўвага, як заўважыў старшыня райвыканкама, павінна надавацца навядзенню парадку, у тым ліку і абкосцы падворкаў, прысядзібных надзелаў і калядваровых тэрыторый жыхароў. У адносінах грамадзян, якія пагарджаюць сваімі абавязкамі падтрымліваць чысціню на зямлі, санітарнай і экалагічнай службамі павінны прадпрымацца адпаведныя меры.
Абмяркоўваючы ход палявых работ, у прыватнасці, уборку зерневых і зернебабовых культур, звярталася ўвага на работу тэхнікі і адносіны да яе механізатараў. Каб камбайны ў гарачую пару жніва не псаваліся і не прастойвалі (а такія факты ў асобных гаспадарках маюць месца), падыход да іх эксплуатацыі павінен быць надзвычай адказным, са строгім выкананнем усіх рэкамандаваных патрабаванняў.
Было ўказана таксама і на неабходнасць актывізаваць, па-максімуму выкарыстоўваючы кожны спрыяльны дзень, уборку саломы, з-за якой у шэрагу гаспадарак марудзяцца ворыўныя работы.
Працягваецца, як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама Валерый Сяргейчык, гэтым часам і нарыхтоўка зялёнага корму. У шэрагу гаспадарак нарыхтоўваюць сена, у асобных — сянаж, сілас пакуль не гатуюць. Убіраюць ў раёне гародніну: цыбулю, капусту, сталовыя буракі, бульбу. Працягваюць уборку насеннікаў шматгадовых траў.
Улічваючы тое, што на календары апошні месяц летніх канікулаў і час рыхтавацца да новага навучальнага года, намеснік старшыні райвыканкама Тамара Рудая нагадала кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў аб даручэнні губернатара вобласці Пятра Рудніка забяспечыць выплату заработнай платы ў два этапы: да 15-га і 25-га жніўня, тым самым даць магчымасць бацькам прыступіць да набыцця школьных тавараў ужо ў першай палове месяца.
Як заўважыла старшыня праўлення райспажыўтаварыства Алена Савіцкая, неабходным асартыментам тавараў магазіны раёна забяспечаны, працуюць яны і па заяўках жыхароў раёна.
Асобная ўвага была ўдзелена на планёрцы пытанням падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду. Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кісель у гэтай сувязі выказаў незадаволенасць тым фактам, што асобныя суб’екты гаспадарання не спяшаюцца з нарыхтоўкай мясцовых відаў паліва. Заключыць дагаворы на пастаўку дроў, па словах Ігара Кісяля, — адна справа, другая — набыць іх у час, згодна вызначанага графіка.
Аб тым, якая работа праводзіцца праваахоўнымі органамі па забеспячэнні бяспекі грамадзян, папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў, далажыў на планёрцы начальнік штаба Бабруйскага РАУС Васіль Арцёмаў. Сярод узбуджаных на мінулым тыдні крымінальных спраў — і крадзяжы дзяржаўнай маёмаёмасці. А гэта, адзначыў Васіль Арцёмаў — недапрацоўка ў першую чаргу кіраўнікоў арганізацый, якія не забяспечылі надзейную ахову маёмасці.
Алена КАРПЕНКА.