Гаспадар на зямлі

Днямі 70 год споўнілася Васілю Архіпавічу Левакову, жыхару в. Стасеўка, колішняму кіраўніку колішняга аднайменнага сельгаспрадпрыемства — з некаторага часу ААТ “Стасеўка” далучана да ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”. Чалавеку высокіх маральных прынцыпаў, улюбёнаму ў справу жыцця, якой аддаў 40 год. Чалавеку-грамадзяніну, які балюча перажывае за будучыню вёскі, марыць, каб Стасеўка адрадзілася, каб яго дом поўніўся галасамі праўнукаў, каб краіна квітнела, а на зямлі былі мір, лад і згода.
Прыйшоўшы ў аграрную галіну ў 1972 годзе адразу пасля заканчэння Дрыбінскай сярэдняй школы (да гэтага скончыў пачатковую ў в. Старакожаўка, адкуль родам), на працягу года працаваў у паляводчай брыгадзе саўгаса “Дрыбінскі”. Ужо той год даў юнаку зразумець, што ён на правільным шляху, аднак трэба рухацца наперад — вучыцца. Таму, адслужыўшы ў войску, паступіў у Клімавіцкі саўгас-тэхнікум. У 1977 годзе ўстанову скончыў і з чырвоным дыпломам у кішэні вярнуўся ў “Дрыбінскі” ўжо ў якасці брыгадзіра комплекснай брыгады. Але і на гэтым дапытлівы малады спецыяліст не спыніўся — у тым жа годзе стаў студэнтам-завочнікам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
З 1978 года працоўны стаж Васіля Левакова звязаны з Бабруйшчынай — малой радзімай жонкі Ніны Віктараўны. Маладыя людзі разам вучыліся ў саўгас-тэхнікуме і пасля яго заканчэння стварылі сям’ю. Сёлета іх шлюбу 48 год. Васіль Архіпавіч стаў працаваць галоўным заатэхнікам у калгасе імя Фрунзе — так у тыя гады называлася гаспадарка на тэрыторыі Стасеўкі. У гэтай пасадзе адпрацаваў цэлых тры дзясяткі год. А ў 2008-м узначаліў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў і яшчэ амаль 10 год быў яго старшынёй.
— Ганаруся тым часам. Гаспадарка наша хоць і невялікая была, але трывала стаяла на нагах. Садзілі бульбу, збіралі больш за тысячу тон зерня збажыны. Нашая ферма, не маючы сучасных умоў, выключна ўсё малако рэалізавала гатункам “экстра”. Як дасягалі гэтага? Жорсткімі патрабаваннямі да тэхналогій: даення, санітарных, ветэрынарных. Кароўка ж дае малако “экстра”, усё астатняе залежыць ад людзей, арганізацыі работы ў калектыве, а значыць — кіраўніка, які павінен любіць, ведаць сваю справу і быць гаспадаром на зямлі, — кажа Васіль Левакоў.
У самога ж Васіля Архіпавіча гаспадарлівасць у крыві. Пра гэта сведчаць і родныя, і тыя, каму з ім выпала працаваць, і вытворчыя паказчыкі, якія “Стасеўка” дасягала, і дагледжанасць домаўладання, дзе кожная дэталь на сваім месцы.
Цяжка перажыўшы заўчасную смерць 30-гадовага сына, перанёсшы аперацыю на сэрцы, Васіль Архіпавіч ужо не лічыць сябе “за байца”. Але і сядзець без справы не намераны. Цяпер кола іх з Нінай Віктараўнай інтарэсаў — хатняя гаспадарка, у якой і куры, і кролікі, і парсючок. “Не столькі для патрэбы іх трымаем, як для занятку, — заўважае гаспадыня (да пенсіі Ніна Віктараўна 7 год працавала галоўным заатэхнікам). — Не сядзеш жа склаўшы рук, калі здароўе дазваляе і маеш цікаўнасць. Ды і сям’ю дачкі, унукаў ёсць чым пачаставаць. Жывучы ў Бабруйску, яны пра нас не забываюцца — часта прыязджаюць, дапамагаюць ва ўсім”.
Зрэшты, і дачка з зяцем, і сынаў сын працуюць у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў, пра што Васіль Левакоў гаворыць з асаблівым гонарам. З захапленнем расказвае дзядуля таксама пра ўнучку, якая нядаўна стварыла сям’ю, пра спартыўныя інтарэсы наймалодшага з нашчадкаў.
І як амаль кожны, хто вырас і жыве на сяле, як чалавек, які шмат зрабіў для развіцця, дабрабыту мясцовасці і яе жыхароў, Васіль Архіпавіч з любоўю і адначасова тугой распавядае пра Стасеўку — сваю другую малую радзіму.
— Вёска наша раней шумнай была, шматлюднай — цэнтральнай сядзібай калгаса, са школай і ўсімі неабходнымі аб’ектамі сацкультбыту. Цяпер — ФАП ды крама, пастаянных жыхароў добра калі пад сотню набярэцца. А населены пункт наш дагледжаны, з добраўпарадкаванымі вуліцамі і дамамі, абноўленым асфальтам, рэчкай побач.
Праўда, улетку, як кажа Васіль Левакоў, Стасеўка ажывае: дзеці, унукі на канікулы і ў водпуск прыязджаюць. Дамоў бясгасных у вёсцы практычна няма — людзі паварочваюцца да зямлі, нашчадкі ўпарадкоўваюць бацькоўскія і дзедавы хаты, калядамавую тэрыторыю. І гэта яго як гаспадара радуе і суцяшае.
Юбілейная дата Васіля Левакова не засталася незаўважанай у раёне. Павіншаваць імянінніка — актыўнага члена раённай ветэранскай арганізацыі, члена савета пажылых людзей раёна прыйшлі і прыехалі старшыня Бабруйскай раённай арганізацыі ветэранаў Яўгенія Доўнар, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Вішнёўскага сельсавета Валянціна Сямёнава, карэспандэнты раёнкі.
Усе яны шчыра падзякавалі Васілю Архіпавічу за добрасумленную працу на карысць раёна і краіны, пажадалі шаноўнаму чалавеку галоўнага — здароўя і доўгіх год жыцця ў коле родных і сяброў.


Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.