Даць рады снегу: Бабруйскі раён пазбаўляецца ад сумётаў на дарогах

Зацяжны снегапад, які распачаўся пасля таго, як вясна, здавалася б, трывала ўсталявалася, нарабіў нямала шкоды ў краіне, у тым ліку на Магілёўшчыне — абясточыў не адзін населены пункт.
На тэрыторыі Бабруйскага раёна мелі месца нязначныя пашкоджанні — без электрычнасці некаторы час заставаліся асобныя жывёлагадоўчыя аб’екты і адзінкава — прыватныя домаўладанні ў радзе населеных пунктаў. На гэты час, па словах намесніка старшыні райвыканкама Івана Кандрацьева, праблема цалкам знята.
Што датычыцца транспартных зносін, то ў нядзелю на расчыстцы сумётаў на дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэнняў, вулічна-дарожнай сеткі працавала 15 адзінак тэхнікі ДЭУ-72 і 9 — ДРСУ-171. Не спыніліся работы і ноччу — было задзейнічана 12 адзінак тэхнікі ДЭУ-72 і 5 машын ДРСУ-171.
Не засталіся ўбаку ад значнай праблемы раённыя арганізацыі. Уборку ад снегу прылягаючых тэрыторый наладзілі сельгаспрадпрыемствы, установы адукацыі, аб’екты сацкультбыту, актывісты “БРСМ”, а таксама гаррайаддзела па НС і іншыя. Далучыліся да прывядзення дарог у бяспечны стан сельвыканкамы.
Сёння работы па расчыстцы сумётаў працягнуты. На дарогах раёна працуе каля 30 адзінак тэхнікі ДЭУ-72, 6 машын УКП “Жылкамгас”, 9 — ДРСУ-171. Як паведаміў дырэктар дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення Сяргей Жэбіт, ужо працуе 9 адзінак тэхнікі на расчыстцы дарог мясцовага значэння, 4 брыгады прыводзяць у парадак астановачныя прыпынкі. Усяго сёння будзе ачышчана 190 кіламетраў дарог: на ўчастках ад Міхалёва да аўтадарогі М5, Думаноўшчына — Ясны Лес, Кавалі — Постраш, Хімы — Слабодка, Цялуша — Дубаўка.
Учора і сёння актыўны ўдзел прымае гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях. Так, у аг. Варатынь работнікі МНС выязджалі на спілоўванне паваленага дрэва.
Рэдакцыя і далей будзе сачыць за станам работ на дарогах раёна.




















