У Бабруйскім раёне юнакам і дзяўчатам уручылі галоўны дакумент грамадзяніна Беларусі

Традыцыйна да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прымяркоўваецца акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”, у межах якой праходзяць урачыстыя ўручэнні пашпартоў юнакам і дзяўчатам, чый узрост дасягнуў 14 год.
У Бабруйскім раёне ўрачыстасць з гэтай нагоды адбылася сёння. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі в. Сычкава сабраліся не толькі галоўныя віноўнікі мерапрыемства, але і ганаровыя госці: старшыня Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Старавойтава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Варанко, пракурор раёна Генадзь Ярмак, начальнік РАУС Рустам Хамдамаў ды іншыя.
Работнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі раёна падрыхтавалі кніжную выставу, прысвечаную гістарычным этапам станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Супрацоўнікі музея зрабілі для моладзі абзорную экскурсію па музеі.
Цырымонію ўручэння пашпартоў распачала Ірына Старавойтава. Яна павіншавала ўсіх са святам. Звярнуўшыся да юнакоў і дзяўчат, заклікала іх быць добрасумленнымі грамадзянамі сваёй краіны, ставіць высокія мэты і іх дасягаць, любіць сваю Радзіму і, абраўшы розныя прафесіі, садзейнічаць развіццю роднага краю.
Генадзь Ярмак нагадаў, што пашпарт з’яўляецца галоўным дакументам кожнага чалавека. “Атрыманы пашпарт пацвярджае, што вы — грамадзяне Беларусі і маеце ўсе правы, гарантаваныя Канстытуцыяй нашай краіны”, — адзначыў ён, а разам нагадаў пра абавязкі: абараняць Радзіму, садзейнічаць ахове навакольнага асяроддзя, захоўваць гістарычную памяць.
Стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны пажадаў юнакам і дзяўчатам таксама Рустам Хамдамаў.
У сваю чаргу вучаніца Глушанскай школы Аляксандра Рудзько ад імя ўсіх юных грамадзян запэўніла быць годнымі продкаў, памятаць пра гераічнае мінулае роднага краю і мужных абаронцаў, дзякуючы каму мы жывем пад мірным небам.
У знак падзякі і пашаны ўсім, хто абараняў родную зямлю ад ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не дажыў да дзён сённяшніх, моладзь і дарослыя ўсклалі кветкі да Кургана Славы. Там жа зрабілі фотаздымак на памяць пра незабыўную ў іх жыцці падзею.


















Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.