У “Харчавіку-Агра” пабыла дэлегацыя з Узбекістана
Дэлегацыя ў складзе 19 чалавек на чале з Саветнікам хакіма па развіцці мясцовай прамысловасці Ферганскай вобласці Рэспублікі Узбекістан 13-14 студзеня наведвае Бабруйшчыну. Мэта візіту — абмеркаванне перспектыўных накірункаў супрацоўніцтва рэгіёнаў.
Сёння трое прадстаўнікоў замежнай дэлегацыі пабылі ў філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-Аграсэрвіс”, дзе для іх была наладжна экскурсія па новым, пабудаваным з дзяржаўнай падтрымкай малочна-таварным комплексе на 600 галоў дойнага статка — аб’ект увялі ў эксплуатацыю некалькі месяцаў таму і цяпер актыўна вядзецца яго даўкамплектаванне.
Дырэктар ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс” Алег Піліпенка і кіраўнік філіяла “Харчавік-Агра” Марына Аўрамчык прадэманстравалі гасцям новыя кароўнік, даільную залу, прафілакторый для цялят, бытавыя памяшканні, распавялі пра арганізацыю вытворчасці малака, магчымасці сучаснага абсталявання, створаныя камфортныя ўмовы для жывёлы і працы людзей. Бакі абмяняліся вопытам арганізацыі вытворчасці малака і тэхналагічнымі момантамі.
Госці з Узбекістана, сярод якіх і кіраўнік прыватнага сельгаспрадпрыемства — годна ацанілі пабачанае. Прадстаўнікі абодвух краін сышліся ў меркаванні, што вынік у малочнай галіне наўпрост залежыць ад догляду жывёлы, а таксама корму — незнарок кажуць, што малако ў каровы на языку. Зрэшты, корм для дойнага статка ў абодвух краінах выкарыстоўваюць аднолькавы. “Кормім сваю жывёлу тым жа, што і вы: сенажом, сіласам, камбікормам”, — заўважылі члены замежнай дэлегацыі і пажадалі МТК высокіх вытворчых паказчыкаў, філіялу “Харчавік-Агра” — добрых прыбыткаў.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.