“Ад усёй душы”: пажылых людзей Бабруйскага сацыяльнага пансіяната “Каменка” павіншавалі з навагоднімі святамі
Сапраўдным святам для пастаяльцаў і работнікаў сацыяльнага пансіяната “Каменка” стала наведванне ва ўстанову ганаровых гасцей: старшыні Бабруйскага райвыканкама Аляксандра Сухадольскага і старшыні райсавета дэпутатаў Ірыны Старавойтавай, першага намесніка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Дзяніса Касталомава, кіраўнікоў ветэранскіх арганізацый вобласці і раёна — Анатоля Глаза і Яўгеніі Доўнар, а таксама Ганаровага грамадзяніна раёна Анатоля Сінкаўца. Мерапрыемства прайшло сёння ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”.
— Акцыя прызначана для надання ўвагі людзям, якія цягам жыцця рабілі, а многія і працягваюць рабіць усё для таго, каб наш раён і наша краіна квітнелі і развіваліся, — адзначыў, віншуючы калектыў з Новым годам і Калядамі, Аляксандр Сухадольскі. Старшыня райвыканкама таксама заўважыў, што навагодняя акцыя — адно з шэрагу мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца ў дзяржаве ў мэтах праяўлення клопату пра пажылых грамадзян. Падзякаваўшы работнікам установы за нялёгкую працу, кіраўнік раёна пажадаў і ім, і пастаяльцам моцнага здароўя, выдатнага настрою, мірнага неба і ўручыў дырэктару пансіяната Галіне Саўчанка сертыфікат на набыццё тэлевізара, работнікам з працяглым стажам бездакорнай працы — лісты ўдзячнасці.
Віншаванні з навагоднімі святамі і шчырыя словы падзякі людзям, якія стаяць на варце здароўя нямоглых грамадзян, выказалі таксама Дзяніс Касталомаў, Анатоль Глаз і Яўгенія Доўнар.
Цудоўным навагоднім падарункам калектыву стала і выдатная канцэтная праграма, наладжаная салістамі Магілёўскай абласной філармоніі сумесна з Бабруйскай раённай арганізацыяй ветэранаў у межах акцыі “Ад сэрца да сэрца” і пастаяльцамі пансіяната. Працяглымі авацыямі вітала зала заслужанага артыста Беларусі Паўла Усовіча і баяніста-віртуоза, лаўрэата Міжнародных конкурсаў Пятра Войчанку, шчыра рукапляскала лірычным песням пра Радзіму ў выкананні Анатоля Глаза, цёпла падтрымлівала “артыстаў” пансіяната.
Падчас наведвання сацыяльнай установы госці паўдзельнічалі ў святочнай літургіі ў храме на тэрыторыі пансіяната, у майстар-класе па прыгатаванні калядных страў, азнаёміліся з умовамі быту і заняткамі жыльцоў, пабылі ў Пятровіцкім Доме народнай творчасці.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.