Паклапаціцца, каб не захварэць: у Бабруйскім раёне праходзіць прывівачная кампанія
Сёлета ў раёне запланавана прышчапіць супраць грыпу без малога 5000 чалавек ці чвэрць ад усяго насельніцтва. Па стане на аўторак колькасць прышчэпленых вызначалася лічбай 17,6% ад насельніцтва раёна і 69% — ад неабходнай колькасці прывітых. Па словах галоўнага ўрача Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 Таццяны Гацко, паказчык прывітасці па БГП №2 — найвышэйшы сярод бабруйскіх паліклінік.
З асаблівай пільнасцю да пагрозы грыпу традыцыйна паставіліся самі медработнікі — прышчэплена больш за 80% ад агульнай іх колькасці ці 264 чалавекі. Дбаюць пра здароўе работнікі галіны адукацыі — прывіта каля 60%, і людзі (дарослыя і дзеці) з хранічнымі захворваннямі — каля 40%. Сярод раённых сельгасарганізацый найлепшая сітуацыя з прывітасцю работнікаў у ААТ «Неўскі-Агра» і філіяле «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік-АграСэрвіс». Паклапаціліся пра недапушчэнне эканамічных страт з-за грыпу і на прыватным прадпрыемстве «СапёрМэбля» — на гэтую пару там прывіта 20 работнікаў.
Дзеля выканання плану вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу і ў мэтах ахапіць прышчэпкамі ўсіх жадаючых, у раёне працуе 11 выязных брыгад медыкаў. Праводзяцца падворныя абходы вяскоўцаў. Працягваецца работа на аграпрамысловых аб’ектах. Прымаюцца неабходныя меры карэкцыйнага характару па абароне насельніцтва ад цяжкіх форм і ўскладненняў грыпу.
Жыхарам раёна нагадваем, што зрабіць прывіўку супраць захворвання можна як у БГП №2, так і ў медустановах на сяле. З адзінай агаворкай — грамадзяне, якія абслугоўваюцца на ФАПах, пра дакладны час атрымання прывіўкі будуць папярэджаны фельчарам.
Алена КАРПЕНКА.