Аляксандр КАЎРАНІН: «Трымаем курс на развіццё»
Сёння — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны. Для Бабруйскага раёна — адно з найбольш значных святаў, бо аснову вытворчасці тут складаюць арганізацыі менавіта сельскагаспадарчага накірунку, у аграпрамысловым комплексе занята пераважная частка сельскіх жыхароў Прыбярэзінскага краю.
Ад вынікаў дзейнасці раённага АПК залежыць дабрабыт вялікай колькасці людзей і сем’яў, таму любое станоўчае дасягненне ў галіне — яшчэ адзін крок да гэтага. З улікам таго што прафесійнае свята работнікі АПК адзначаюць у пару, калі сельскагаспадарчы год у асноўным завершаны, а значыць — можна гаварыць пра яго вынікі, пацікавіцца апошнім мы вырашылі ў першага намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкама-начальніка райсельгасхарча Аляксандра Каўраніна.
— Аляксандр Мікалаевіч, як у цэлым спрацаваў раённы АПК за перыяд з пачатку года?
— За студзень-верасень выручка раённых гаспадарак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склала 101,7% да аналагічнага перыяду 2023 года. На аднаго працаўніка атрымана выручкі з тэмпам росту 107,9%. Калі гаварыць пра жывёлагадоўлю, то тэмп росту вытворчасці малака за 10 месяцаў склаў 101,9% да адпаведнага перыяду папярэдняга года. Па прадукцыйнасці дойнага статка мы на шостым месцы сярод раёнаў Магілёўшчыны.
Нядрэнна спрацавалі ў раслінаводстве. На 1 лістапада валавы збор збожжавых і зернебабовых разам з кукурузай на зерне склаў 100,7% да 2023 года пры сярэдняй ураджайнасці 28,6 ц/га. Бульбы атрымана амаль 13 тысяч тон пры ўраджайнасці 305 ц/га.
– Напэўна, ёсць сельгасарганізацыі, дасягненні якіх хацелі б вылучыць асобна?
— Ужо каторы год лідарам па вытворчасці і надоях малака на адну карову з’яўляецца філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”. За 10 месяцаў бягучага года калектыў атрымаў звыш 9982 тон малака або 103,8% да 2023 года, павялічыўшы мінулагодні аб’ём на 368 тон. Найбольшы паказчык утрымлівае гаспадарка і па ўдоях малака на карову — 6628 кг, што на 202 кг болей за адпаведны перыяд 2023 года.
Адным з лідараў у малочным накірунку галіны з’яўляецца філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”. Прыкметны тэмп росту вытворчасці дасягнуты ў “Міхалёўскай Ніве” і “Неўскім-Агра”. У раслінаводстве са станоўчага боку трэба адзначыць СВК “Гігант” — разам з кукурузай тут атрымана 13 624 тоны зерня або 129,8% да 2023 года. Дасягнута найвышэйшая ў раёне ўраджайнасць збажыны і зернебабовых — 64,5 ц/га, за што гаспадарка прызнана пераможцам раённага спаборніцтва па выніках жніва. Другі па велічыні паказчык вытворчасці зерня — у ААТ “Неўскі-Агра”. Дзякуючы гэтым і іншым сельгасарганізацыям раён упэўнена нарошчвае аб’ёмы вытворчасці прадукцыі, павялічвае аб’ёмы яе рэалізацыі. Разам з прадпрыемствамі-
перапрацоўшчыкамі сельскагаспадарчай прадукцыі забяспечвае краіну неабходным каштоўным харчам.
— Нядаўна ў раёне ўвялі ў эксплуатацыю новы малочна-таварны комплекс на 600 галоў дойнага статка. Якія планы звязваеце з ім?
— Нашы планы — далей развівацца: павялічваць пагалоўе жывёлы, удасканальваць тэхналогіі вырошчвання і даення, нарошчваць аб’ёмы прадукцыі. Зрэшты, увядзенне ў эксплуатацыю малочна-таварнага комплекса на 600 галоў дойнага статка ў філіяле “Харчавік-Агра” дазволіць да часу выйсці на праектную магутнасць у 2026 годзе павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 33,8% да ўзроўню 2023 года, у тым ліку пагалоўе кароў у 2 разы. Вытворчасць і рэалізацыю малака плануем павялічыць больш чым у 2 разы да ўзроўню 2023 года. Будуць створаны новыя працоўныя месцы. Прычым, да канца сёлетняга года збіраемся ўвесці ў эксплуатацыю такі ж аб’ект у ААТ “Міхалёўская Ніва”, а ў наступным годзе — і ў філіяле “Варатынь” на 800 галоў дойнага статка. Так што крочым толькі наперад.
— На паверхні апошнім часам кадравае пытанне. Ці датычыцца праблема дэфіцыту работнікоў раённага АПК? Калі так, то як вырашаеце яе?
— Як і ў цэлым па краіне, праблема такая ў нас маецца, над яе вырашэннем пастаянна працуем. Сельгасарганізацыі гатовы прыняць у штат, у залежнасці ад патрэбы, добрасумленных работнікаў рознага профілю: ад ветурачоў да механізатараў, аператараў машыннага даення. У гарачую пару корманарыхтоўкі, жніва асобныя прыцягваюць да работы працаўнікоў з гарадскіх прадпрыемстваў, прыватнікаў. І, вядома ж, вялікую стаўку робім на маладых спецыялістаў — іх у галіне больш за 80 чалавек. Ствараем моладзі камфортныя ўмовы працы і быту, даем магчымасць зарабіць. Трымаем на кантролі пытанні, якія ўзнікаюць у маладых спецыялістаў. Дзеля гэтага пастаянна праводзяцца сустрэчы юнакоў і дзяўчат са старшынёй райвыканкама, начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў, дзе яны напрамую могуць задаць хвалюючае пытанне, ды і ёсць шэраг іншых спосабаў узаемадзеяння з кіраўніцтвам раёна, райсельгасхарчам. Ведаючы, што для маладых людзей немалаважным з’яўляецца цікавае баўленне вольнага часу, наладжваем паездкі ў знакамітыя месцы краіны, заахвочваем моладзь да ўдзелу ў турзлётах, іншых усемагчымых раённых мерапрыемствах. На карысць у гэтым плане і геаграфічнае становішча раёна — блізкасць да вялікага горада.
— Аляксандр Мікалаевіч, у сувязі з прафесійным святам, што б хацелі пажадаць работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны?
— Моцнага здароўя і плённай працы. Памятаць, што наш дабрабыт — у нашых руках, бо ад нас саміх, нашых адносінаў да абавязкаў залежаць вынікі работы, заробак, якасць жыцця, дабрабыт раёна і краіны.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.