У “Агракамбінаце Бабруйскі” ўбіраюць кукурузу. Наш рэпартаж з палёў

Пад расліну ў сельгаспрадпрыемстве сёлета было занята 2500 гектараў, з якіх 200 га — на зерне. Непасрэдна ў гэтыя дні актыўна вядзецца нарыхтоўка кукурузнага сіласу — на полі паблізу в. Баранавічы мы засталі не адну адзінку тэхнікі. Кормаўборачным камбайнам запраўляў Дзмітрый Гаварушка. На адвозцы ўраджаю да траншэй было задзенійчана шмат трактараў з прычэпамі, у ліку механізатараў і нашы субяседнікі Мікалай Астаповіч, Міхаіл Горбель, Аляксандр Цацура.




— Плошча пад кукурузу ў нас вялікая, таму ўборку вядзем не першы тыдзень і ўжо набліжаемся да паловы: на сілас убрана больш за 800 гектараў ці 41% ад патрэбы, — кажа галоўны аграном ААТ “Агракамбінат Бабруйскі” Сяргей Гаўрыленка. І дадае, што ў гаспадарцы ўжо заняты і ўборкай расліны на зерне — апошняе пастаўляюць на Бабруйскі КХП і Магілёўскі “Экамол” для прыгатавання камбікармоў жывёле. У планах таксама плюшчэнне зерня (паўтары тысячы тон, што заплюшчылі ў мінулым годзе, спаўна разышліся).
Сіласную масу з поля перавозяць у траншэі побач з МТК “Баранавічы”, дзе, вытрымаўшы неабходныя тэхналагічныя патрабаванні, закладваюць спажыўны корм для жывёлы. Прычым, небескантрольна. За працэсам прыгатавання неадступна сочыць, робячы неабходныя аналізы, аграном сельгаспрадпрыемства, малады спецыяліст Алег Сідзякін.

“Кантралюю, каб якасна вяліся прэсаванне кукурузнай масы ў траншэі, трамбоўка, унясенне кансерванту для сакавітасці, каб аптымальнай была тэмпература і не здарылася “гарэння” корму, каб адпаведнай была вільготнасць. Словам, — ад падрыхтоўкі траншэі да яе закрыцця, якое таксама павінна быць праведзена строга па тэхналогіі, — падзяліўся падрабязнасцямі сваіх абавязкаў у гэтыя дні аграном. Зрэшты, малады спецыяліст — адзін з тых, каму работа ў сельскай гаспадарцы падабаецца, каго задавольвае заробак, хто вельмі цёпла гаворыць пра калектыў, стаўленне кіраўніцтва да моладзі. “З Міхаілам Станіслававічам (пра дырэктара Барадзіна) можна вырашыць любое пытанне, не адмахваецца ад нас, а наадварот, унікае ў праблему і вырашае яе”, — кажа пачынаючы аграном.
— Для нас вельмі важна, каб працаўнікі, у тым ліку маладыя спецыялісты замацоўваліся ў гаспадарцы, — заўважае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце адкрытага акцыянернага таварыства Сяргей Вікторчык. — Для гэтага робіцца ўсё магчымае. У прыватнасці, прапаноўваецца добраўпарадкаванае жыллё ў сельскай мясцовасці, тых, хто вырашае жыць у горадзе, падвозім да месца работы. І, вядома ж, ствараем умовы, каб у моладзі была магчымасць добра зарабіць.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.