Тата ў справе: расказваем, як прайшло мерапрыемства ў Бортніках, прымеркаванае да Дня бацькі
“Тата ў справе” — спартыўнае свята пад такой назвай, прымеркаванае да Дня бацькі, прайшло на базе Бортнікаўскай сярэдняй школы. Яго арганізатарамі выступілі СВК “Гігант”, Бортнікаўскі сельвыканкам і мясцовая ўстанова адукацыі.
Гасцямі свята і адначасова членамі журы сталі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў: старшыня праўлення сельгаскааператыва Васіль Жук, намеснік старшыні Анастасія Гацко, старшыня сельвыканкама Вераніка Падаляк, а таксама дырэктар школы Ірына Нікалаева. Удзельнікамі спартландыі — таты-працаўнікі “Гіганта” з дзецьмі-школьнікамі.
На пачатку спартыўнага мерапрыемства Анастасія Гацко распавяла пра гісторыю Міжнароднага дня бацькі, пра тое, як адзначаюць гэтае свята ў розных краінах і пра яго асноўны пасыл у Беларусі — умацаванне сямейных каштоўнасцей, умацаванне традыцыйнай сям’і. Засяродзіла ўвагу на рабоце, якая праводзіцца ў краіне ў гэтым накірунку.
Васіль Жук, віншуючы мужчын са святам, заўважыў, што спартыўнае свята ў Дзень бацькі стане ў “Гіганце” традыцыйным — работнікі будуць праводзіць яго з дзецьмі і карысцю для здароўя. Вераніка Падаляк пажадала як перамог, так і цудоўнага, святочнага настрою.
Камандам “Хуткія” і “Пераможцы” трэба было пераадолець 10 эстафет. Таты і дзеці спаборнічалі на сілу, хуткасць, спрыт, кемлівасць ды іншыя спартыўныя якасці. У пераможцы выходзіла то адна каманда, то другая. Лідарам у рэшце рэшт прызнана каманда “Хуткія”.
Не абыйшлося, вядома ж, без узнагароджванняў. І дарослыя, і дзеці атрымалі падарункі ад СВК “Гігант”. Каманда-пераможца — яшчэ і пачастункі ад ААТ “Чырвоны харчавік”.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіва СВК “Гігант”.