Прыгажосць, якую дорыць прырода, і рукатворныя шэдэўры
У раённым Цэнтры культуры працуюць выставы твораў лясной скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
«У вялікім захапленні ад убачанага. Гэта вельмі вялікая праца. Аўтар — сапраўдны творца». «Работы ўражваюць неверагодным хараством, натуральнасцю і душэўнай цеплынёй. «У кожны драўляны экспанат укладзена часцінка душы мастака». «Пакідаю залу з добрым настроем і пазітыўнымі эмоцыямі». Гэта выказванні з кнігі водгукаў тых, хто меў магчымась пазнаёміцца з творчасцю кіраўніка сталічнага клуба самадзейных мастакоў «Прырода і фантазія» Аляксандра Лейко пад назвай «О, цуд прыроды!», што працуе ў гэтыя дні ў фае Бабруйскага раённага Цэнтра культуры.
У кожнага ёсць магчымасць дакрануцца да творчасці самабытнага майстра і пераканацца, што, як адзначае загадчык метадычнага аддзела ўстановы культуры Яўген Болбас, гэтыя экспанаты — яскравае сведчанне таго, што Аляксандр Аляксандравіч — аўтар унікальных твораў з прыродных матэрыялаў — каранёў, што праляжалі ў тарфяніках не одно дзесяцігоддзе. Гэта чалавек, захоплены ідэяй стварэння прыгажосці, мастак-аматар, які са звычайнай карчагі здольны стварыць сапраўдны шэдэўр. Таму прадстаўленыя на выставе работы нікога не пакідаюць абыякавымі.
Вялікі энтузіяст, Аляксандр Аляксандравіч прыводзіць у аб’яднанне новых таленавітых людзей, творчых аднадумцаў, якіх на сёння ў клубе налічваецца каля 60-ці.
ххх
У ліку старажылаў клуба — педагог, беларускі самадзейны паэт, перакладчык і мастак Эдуард Самойлаў, з персанальнай выставай работ якога пад назвай «Поры года» знаўцы прыгожага могуць таксама азнаёміцца ў памяшканні Цэнтра культуры. Эдуард Серафімавіч — аўтар 13-ці паэтычных зборнікаў і 100 выкананых у розных тэхніках карцін. Мастак прадставіў на экспазіцыю 19 работ, большасць з якіх — замалёўкі прыродных ландшафтаў і фотаэцюды.
Выстава арганізавана ў рамках праекта «Рабі дабро» пры садзейнічанні мастакоў-аматараў клуба «Прырода і фантазія» ўстановы папулярызацыі народнай творчасці «Цэнтр БелКультуры».
Іна БАГДАНОВІЧ. Фота Віктара ШЭЙКІНА.