У раёне пачалася ўборка кукурузы і бульбы
Зерне збажыны ў засеках, але вынікі ўборачнай кампаніі падводзіць рана. Традыцыйным для верасня з’яўляецца збор ураджаю кукурузы, бульбы ды іншых культур, такіх як, грэчка, проса.
Кукурузы на сілас — а менавіта гэтым займаюцца ў сельгасарганізацыях на гэтую пару — патрабуецца ўбраць 6775 га, што дасць магчымасць нарыхтаваць 125 тыс. тон дадзенага віду корму. На гэтую пару ўбрана 390 га або 6% ад плану. Яшчэ 1420 га спатрэбіцца ўбраць кукурузы на зерне. У раёне тэхнікі і людзей, каб своечасова даць рады каралеве палёў і забяспечыць жывёлагадоўлю каштоўным кормам, па словах начальніка вытворча-эканамічнага аддзела райсельгасхарча Віктара Садоўскага, дастаткова. У гэтую работу, адна за другой, уключаюцца ўсе сельгасарганізацыі.
У цэнтры ўвагі таксама ўборка бульбы. У раёне пад культуру адведзена 426 га, асноўны клінок традыцыйна — у СВК «Гігант». Капанне вядзецца актыўнымі тэмпамі — убрана 12% ад патрэбы пры сярэдняй ураджайнасці 301 ц/га.
Працягваецца восеньская пасяўная. Азімы рапс у раёне ўжо пасеяны. Яго плошча ў агульным склала 2300 га, і гэта на трэць болей, чым у папярэднім годзе. На гэты час у сельгасарганізацыях сеюць азімыя каласавыя, у прыватнасці — пшаніцу, ячмень. З плану ў 10 800 га, што адвялі ў раёне пад азімую збажыну, на ўчарашнюю раніцу было засеяна 323 га, і гэтая работа працягваецца.
У радзе сельгасарганізацый заняты таксама ўборкай грэчкі, проса.
Алена КАРПЕНКА.