Дэпутаты сустрэліся з маладымі спецыялістамі: аб чым ішла размова
Сустрэча з моладдзю дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Антона Каранкевіча і старшыні Бабруйскага райсавета дэпутатаў Ірыны Старавойтавай адбылася ў Гарбацэвіцкім сельвыканкаме на гэтым тыдні. Асноўная мэта — абмеркаванне з юнакамі і дзяўчатамі, чыім першым месцам працы стала ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”, уражанняў ад работы, а галоўнае — праблемных пытанняў, калі тыя маюцца, каб пасадзейнічаць у іх вырашэнні.
Да таго як пачаць дыялог парламентарый распавёў моладзі пра сутнасць дэпутацкай дзейнасці, патлумачыў, што ад ідэі ўзнікненнія таго ці іншага законапраекта, змен у ім, да нажацця чырвонай кнопкі ў авальнай зале Палаца Рэспублікі — вялікая работа, у тым ліку вывучэнне меркаванняў грамадскасці, чым народныя абраннікі займаюцца ў час паміж сесіямі. З’яўляючыся членам Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі (да дэпутацкай дзейнасці Антон Міхайлавіч узначальваў філіял «Бабруйскія электрычныя сеткі» РУП «Магілёўэнерга»), парламентарый распавёў, як прыйшоў у прафесію, якія дакладна пытанні вывучаюць у Пастаяннай камісіі на дадзеным этапе, пра выгаду краіне ад атамнай электрастанцыі, планы будаўніцтва яшчэ адной ці пашырэння першай.
Маладыя спецыялісты ў сваю чаргу: электарманцёр, бухгалтар, спецыяліст па навігацыях, заатэхнікі, энергетыкі распавялі пра свае працоўныя абавязкі, умовы пражывання, заробак. У цэлым першым працоўным месцам юнакі і дзяўчаты задаволены. Адзін з маладых спецыялістаў (пражывае ў Бабруйску) выказаў просьбу знайсці магчымасць знізіць транспартныя выдаткі на дарогу. З боку яшчэ аднаго прагучала заўвага, што добра было б, каб у пас. Глуша, дзе ён кватэруецца, было праведзена оптавалакно, што дасць магчымасць карыстацца высокахуткасным інтэрнэтам.
Выказаныя прапановы дэпутаты прынялі да ўвагі. Пажадалі моладзі быць патрыётамі сваёй краіны, трывалага замацавання ў прафесіі і калектыве, плённай працай умацоўваць уласны дабрабыт і Беларусі. У гэтай сувязі Ірына Старавойтава, якая ўзначальвае раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь” патлумачыла маладым людзям пра мэты і задачы партыі, станоўчыя ініцыятывы, якія рэалізуюцца членамі на тэрыторыі Бабруйскага раёна, і заклікала ўлівацца ў рады партыі.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.