Зямлі радзімай летапісец: Міколу Давідовічу – 75!

Неяк неўпрыкмет гэты заўсёды рухавы і спартыўнага выгляду мужчына ўскараскаўся на вышыню чалавечага ўзросту, якая не кожнаму скараецца. Гэта ж не жартачкі: яшчэ нейкая адна чвэрць шляху – і вось ён той пік, дасягнуць якого ўсе мы жадаем адзін аднаму. Калі ж улічыць шпаркасць хады Міколы Давідовіча па жыцці, яго сэнсарнае светаўспрыманне падзей і з’яў, жвавасць думкі і гарманічнасць суіснавання яго з прыродай і грамадствам, трэба пажадаць гэтаму стаеру адолець ужо і больш доўгую, марафонскую дыстанцыю.
З адной катэгорыі – у іншую

Мы ж ведаем, розныя атлеты маюць уласцівасць пераходзіць з выбранай дысцыпліны ў роднасную, з адной вагавай катэгорыі ў другую. Так і бортнікаўскі юнак Міколка Давідовіч зрабіў некалі бацькам і аднавяскоўцам ручкай — фізкульт-прывітанне! І апынуўся ў зусім няпрофільным для калгаснага сяла той пары фізкультурным тэхнікуме ў Гродне. З гэткім жа поспехам ён мог падацца і ў кулінарны, але больш любіў валейбол, футбол і… есці, а не гатаваць дранікі. Праўда, пра звычныя і вытанчаныя беларускія стравы давялося забыцца: спачатку ў прафесійных інтарэсах — калі пачаў працаваць фізруком у Бялыніцкай школе, а потым аддаючы доўг вялікай Радзіме — калі служыў на Далёкім Усходзе.
Паспытаўшы і пакаштаваўшы халасцяцкага хлеба і салдацкай кашы, Мікалай вярнуўся ў Бабруйск узмужнелым фізічна і перакананым у неабходнасці змены вехаў. Дзеля гэтага ён па ўласнай ініцыатыве пакінуў пасаду інструктара фізкультуры райсавета «Дынама» і выйшаў на старт у прафесіі журналіста, атрымаўшы сціплае месца літсупрацоўніка шматтыражкі «Рабочы», што выдавалася ў аб’яднанні «Бабруйскдрэў». Дасылаў допісы аб родным калгасе «Гігант» і аб земляках-бортнікаўцах і ў галоўную газету горада на Бярэзіне і раёна — «Камуніст». Аднойчы чакаў-не дачакаўся звестак аб лёсе чарговай карэспандэнцыі, і па парадзе аднавяскоўцаў рашыўся патэлефанаваць Аляксею Антонавічу Гарэліку — таксама выхадцу з Бортнікаў, што працаваў у рэдакцыі.
— Так я пазнаёміўся са сваім таленавітым земляком, — узгадваў пазней Мікалай Давідовіч. — Атрымліваў ад яго заданні, стаў пазаштатным карэспандэнтам, а неўзабаве з рэдакцыйнай рэкамендацыяй паступіў вучыцца на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і быў прыняты ў штат «Камуніста».
«Камуністычнае» выхаванне паспрыяла
Атабарыўшыся ў адзіным тады на горад і раён выданні, пачатковец у журналісцкай справе пачаў прагна авалодваць яе практычнымі навыкамі і сакрэтамі. Пераймаць іх было ў каго. Рэдагаваў газету былы партызан і карэспандэнт Бабруйскай абласной «Савецкай Радзімы» Мікалай Паўлавіч Валатковіч, яго калегамі былі таксама колішнія франтавікі з вопытам работы ў «СР» — той самы Алесь Гарэлік, Яфім Гейкер, пазнейшыя супрацоўнікі «Камуніста» Сяргей Кобля, Георгій Дазораў, Ганна Лазавая. Непасрэдным жа настаўнікам Мікалая стаў, канечне, зямляк Аляксей-Алесь Антонавіч Гарэлік, якому публіцыст Давідовіч прысвяціў гэткія радкі ў адной з апошніх па часе выхаду з друку кніжак: « … Да вайны Алесь (так чамусьці звалі ўсе Аляксея Антонавіча) скончыў школу і два курсы моднага тады лесатэхнікума. І — вымушаны перапынак. Юнак быў звязаны з партызанамі, часта выконваў іх даручэнні, у тым ліку і Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Парахневіча. Пры вызваленні Беластока сустрэўся з карэспандэнтамі цэнтральнай прэсы на перадавой — Сіманавым і Твардоўскім. Гэта і адбілася на яго далейшым лёсе, павярнула да журналісцкага пяра».
Гэтаксама і нашага героя «павярнула» да журналістыкі і публіцыстыкі сустрэча з бабруйскімі газетнымі зубрамі, праца ў «Камунісце». Але нядоўга давялося працаваць у Бабруйску Давідовічу. Як згадваў сам Мікалай, якраз на «камуністычны» перыяд прыпаў момант «ачалавечвання» яго ў выніку шлюбу з каханай Марыяй. Маладажоны паехалі на блінцы да цешчы, ды так і засталіся на некалькі гадоў у іншым раёне, дзе галава сям’і не пакінуў адкрытую для сябе прафесію, працаваў у раёнцы.
Амвонам зрабілася «Трыбуна працы»
А 1 студзеня 1982 года убачыў святло першы нумар Бабруйскай раённай газеты «Трыбуна працы», цаліну якой уздымалі выхаванцы-саджанцы «Камуніста» — Кобля, Казак, Лазавая і Удодаў. Імклівы час зрабіў тады свае ракіроўкі, і, у рэшце рэшт, рэдагаваць раёнку застаўся Саша Удодаў, а намеснікам да яго з чавускай «Іскры» прыехаў Мікалай Давідовіч. Менавіта ў той няпросты час авантурнай гарбачоўскай «перабудовы», расхрыстанай да непрыстойнасці галоснасці і ўседазвольнай «дэмакратыі» выпрацоўваўся творчы почырк будучага публіцыста і пісьменніка Міколы Давідовіча. Усё-такі газета – той рашпіль і той паліровачны круг, на якіх даводзяцца да ладу і форма, і змест вырабаў творчай працы.
Што не адняць у сённяшняга юбіляра — натхненне ён заўсёды шукаў у гушчыні людзей, у спляценнях чалавечых лёсаў, у глыбіні асэнсавання з’яў існавання і суіснавання грамадства, прыроды, веры. Матляючыся па гаспадарках і вёсках роднай Бабруйшчыны, заўсёды знаходзіў сапраўдныя дыяменты-тэмы, якія пасля належнай апрацоўкі рабіліся брыльянтамі чытацкага інтарэсу, з газетных старонак траплялі ў першыя кніжкі эсэ і нарысаў. Пры гэтым аўтар ніколі не забываўся пра малую сваю радзіму. Так, у літаратурным першынцы — зборніку «Чыстыя крыніцы» — ён знаёміць чытачоў са знакамітымі землякамі Героямі Сацыялістычнай працы Любоўю Паўлаўнай Цэд і Васілём Мікалаевічам Хурсанам, былым паляводам Іванам Цікавым, культработнікамі Ганнай Зубрыкавай і Ганнай Балыка, іншымі цудоўнымі людзьмі.
Яшчэ больш разгараецца творчая паходня ў наступныя гады, калі Мікола Давідовіч рэдагуе «Трыбуну працы». Да той пары станаўлення незалежнай Беларусі адносяцца сапраўдныя знаходкі і адкрыцці як на газетных старонках, так і ў новых кніжных выданнях публіцыста. Запомніліся чытачам нарысы пра былога старшыню калгаса «Гігант» Міхаіла Лявонцьевіча Тапаркова і цудоўнае «уваскрашэнне» вяскоўцаў Карабанавых з Бірчы, пра збудаваўшага за свой кошт помнік загінуўшым у гады вайны землякам Яўгена Календу і гатаваўшага для маршалаў на той вайне повара Мадэста Сіроціна, новыя кніжкі «Клічу ў будучыню», «Между жизнью и смертью», «Слухаю і раздумваю», «След жыцця».
«Рэспубліканец», але не слон у посудавай краме
Узыходжанне Міколы Давідовіча да творчых вяршынь працягвалася даволі заканамерна і ні ў якім разе не па нейкаму вызначанаму і абстаўленаму як след тэрэнкуры. Роўна два дзесяцігоддзі таму ён быў назначаны ўласным карэспандэнтам газеты «Рэспубліка» па Бабруйшчыне і прылягаючых раёнах — кусту, як тады было прынята гаварыць. Вось дзе развярнуўся, як здалося, пасля цеснаватага рэгіёна наш летапісец. Амаль ці не ў кожным нумары цэнтральнага выдання апавядаў ён пра справы і праблемы, дасягненні і ўпушчэнні не толькі на Бабруйшчыне, а і на Глусчыне, Кіраўшчыне, Клічаўшчыне і Асіповіччыне. Пісаў аб фермерскай гаспадарцы Качаткова са Щаткава і пра воіна-афганца Казлова з Бортнікаў, пра старшыню СВК «Чырвоны баец» Серакова і аб рабоце баксёрскага клуба ў Мышкавічах, пра народнага майстра-ганчара Боўду і аб фермерскай гаспадарцы Клянчанкі ў Дубаўцы, пра ўдзельніка Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў Шумскага з Калюгі і франтавіка Манчанку, аб узнаўленні храма А. Неўскага ў Бабруйску і пра ландшафтны заказнік на яго ўскрайку…
…Цікавы факт той пары прыгадаў адным разам Мікалай Уладзіміравіч: «Калі я працаваў уласным карэспандэнтам урадавай газеты «Рэспубліка», у нейкі момант адчуў недахоп на яе старонках матэрыялаў на роднай мове. Тады мы, калегі з Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, узважыўшы магчымасці, дамовіліся дасылаць у рэдакцыю допісы толькі на беларускай мове. Калi пайшоў на заслужаны адпачынак, не развiтаўся з матчынай мовай»…
І па-ранейшаму жыватворнай глебай у працы літаратара застаюцца родная зямля і людзі, што жывуць, жылі і будуць жыць на ёй.
Пішацца, калі шчупак клюе і пчолкі мёд носяць…
Так, хобі , што перарасло ў работу, ці захапленне, якое нарадзілася з паўсядзённай працы, у Міколы Давідовіча не згасаюць. Вось і летась на 105-годдзі «Бабруйскага жыцця» убачыліся з ім, душэўна пасядзелі, паўспаміналі, пагаварылі, як заведзена у нас, ці то пра пенсію, ці то пра работу, пра апошнія па часе здабыткі.
— Кніга «Падрэзанае крыло» мне самому да душы, таму што пісаў пра аднавяскоўцаў з Бортнікаў. Думаў: ну як я, журналіст, не напішу пра сваіх землякоў. Ёсць у кожнага чалавека мясціны, цёплыя ўспаміны, якія ён праносіць праз усё жыццё. У мяне гэта вёска Малыя Бортнікі, дзе адпачываю душой і набіраюся светлых уражанняў, — нічога новага, без усялякай іроніі, я ў шчырых словах калегі і на гэты раз не пачуў.
І гэта цудоўна, бо, як вядома, пастаянства — прыкмета майстэрства. А Мікалай Уладзіміравіч стабільны не толькі ў творчым метадзе літаратурнай працы, а і ва ўласных захапленнях. Упэўнены, і за юбілейным сталом частаваў гасцей юшкай з па-майстэрску падсечанай рыбіны на Бярэзіне, бурштынавым мёдам з удачнай дачнай пасекі. На жаль, рэчкі уловістай на шчупакоў блізка ля Бортнікаў няма, ды і пчаляры, у якіх нешта новае можна пераняць, напэўна, перавяліся. Таму радзей зараз бывае ён на малой радзіме — у свае 75 усю спадчыну, што дасталася ад бацькоў, родзічаў, землякоў, ужо як след прапусціў праз свае рукі, розум і сэрца. Але Бортнікі, як Малыя, так і Вялікія — першая і заўсёдная любоў, шчырае і сапраўднае каханне Міколы.
І чакаюць сустрэчы з уладальнікам знака Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», ганаровых званняў «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў і прэзідэнцкага стыпендыята ў галіне мастацтва і літаратуры, лаурэатам прэмій імя Івана Чыгрынава Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр КАЗАК. Фота аўтара і Аляксандра Анташкевіча.