У ААТ “Неўскі-Агра” пачалі абмалот пшаніцы
Пад гэтую азімую каласавую расліну ў гаспадарцы занята паўтары тысячы гектараў. На ўборку выйшлі трыма экіпажамі зернеўборачных камбайнаў.
— Працуем з пшаніцай пакуль не сказаць каб на поўную моц: прайшлі дажджы, зерне хочацца каб было меней вільготным, не патрабавала вялікай дапрацоўкі. Заўтра-паслязаўтра, пры спрыяльным надвор’і, падключым да ўборкі яшчэ некалькі камбайнаў, — кажа галоўны аграном ААТ Аляксандр Мельнік.
Уборачныя работы ў сельгасарганізацыі пачынаюцца а сёмай гадзіне і доўжацца да пазна. Такі расклад не засмучае ні вопытных механізатараў (на полі ў гэтыя дні і ветэраны сельгасвытворчасці), ні моладзь. Па словах маладога камбайнера Іллі Чэрніка (у гаспадарцы і на камбайне ён трэці год і першы — за штурвалам зернеўборачнай тэхнікі), чым болей будзеш працаваць, тым больш заробіш. Гэты разлік і кладуць у аснову сваёй працы хлебаробы (у памочніках Іллі — малады спецыяліст Аляксандр Шурын). Тым болей што ўмовы для гэтага, як кажуць хлопцы, створаны добрыя. Спякота не турбуе — працуе кандыцыянер, і ў гаспадарцы клапоцяцца пра своечасовую яго запраўку.
На рахунку экіпажа ў гэтую кампанію ўжо 100 тон масланасення рапсу, 260 тон азімага ячменю і першае зерне (вынікі пакажа вечар) азімай пшаніцы. А яшчэ — добры настрой, галоўны памочнік у любой справе.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.