У раёне пачалі працаваць яшчэ чатыры студэнцкія атрады
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Дар’я Панцялеева сустрэлася з байцамі студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў, створаных на гэтым тыдні на базе адкрытых акцыянерных таварыстваў “Агракамбінат Бабруйскі”, “Міхалёўская Ніва” і СВК “Гігант” (пачаў дзейнічаць студатрад і на базе філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”).
Падчас маніторынгу лідар раённай моладзевай арганізацыі традыцыйна пацікавілася забяспечанасцю юнакоў і дзяўчат сродкамі індывідуальнай аховы, нагадала рэжым работы, уручыла сувеніры з лагатыпам маладзёжнай арганізацыі.
Папярэдне з моладдзю былі праведзены арганізацыйныя сходы. Да прыкладу, у СВК “Гігант” намеснік старшыні Анастасія Гацко паставіла атраду задачы на 10 працоўных дзён, пазнаёміла з расцэнкамі за відавую праполку культур — менавіта гэтым будзе займацца моладзь, расказала аб патрабаваннях да дадзеных абавязкаў. Інжынер па ахове працы Уладзімір Кірыленка ў дэталях распавёў пра правілы паводзін юнакоў і дзяўчат на рабочым месцы, строгае выкананне якіх не дазволіць здарыцца непрыемнасцям. Яны ж уручылі юным працаўнікам фірменнае спецадзенне.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.