У мэтах патрыятычнага выхавання насельніцтва
…Сабраліся сёння на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі ў в. Каменка Слабодкаўскага сельсавета работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Бабруйскага раёна. У семінары “Бібліятэкары — за захаванне гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну” прыняў удзел і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Сарокін.
— Наш семінар прымеркаваны да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і накіраваны на захаванне і папулярызацыю гістарычнай літаратурнай дакументальнай спадчыны Вялікай Айчыннай вайны, увекавечанне подзвігу ветэранаў і працаўнікоў тылу, іх гераічнага ўнёску ў перамогу, — адзначыла загадчыца ЦБС Жана Канькова. З яе слоў, у межах святкавання значнай для беларусаў даты, работнікі цэнтральнай і селькіх бібліятэк запланавалі правядзенне з чытачамі шматлікіх мерапрыемстваў патрыятычнага накірунку, у тым ліку тэматычныя выставы, гадзіны мужнасці, гадзіны памяці.
Сяргей Сарокін у звароце да бібліятэкараў засяродзіў увагу на скажэнні фактаў пра вайну, якія дапускаюцца ў некаторых краінах-суседках, і распавёў, як правільна супрацьстаяць такім негатыўным праявам.
Каб пазбегнуць скажэння гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну, бібліятэкары, як было адзначана, ставяць сабе за мэту шырока папулярызаваць сярод дарослага і дзіцячага насельніцтва праўду пра трагічную старонку ў жыцці беларусаў, выкарыстоўваючы для гэтага ўсемагчымыя бібліятэчныя сродкі, у тым ліку прывіццё цікавасці да такіх слушных інтэрнэт-пляцовак як “Партызаны Беларусі”, “Каляндар перамогі” і інш.
Падчас семінару абмеркавалі кнігу “Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі”, падрыхтаваную Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа быў аб’яўлены раённы конкурс на лепшую кніжную выставу ваенна-патрыятычнай тэматыкі, дзе будзе ўлічвацца ў тым ліку арыгінальнасць падачы матэрыялу. Конкурс праводзіцца ўнутры бібліятэчнай сеткі. Выставы-пераможцы будуць дэманстравацца для шырокага кола гледачоў на раённых мерапрыемствах ваенна-патрыятычнага накірунку.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.