Дыялог пакаленняў, прысвечаны Дню народнага адзінства, прайшоў сення ў раёне
Дыялог пакаленняў “Дзень народнага адзінства: ад мінулага да сучаснасці” сабраў сёння ў актавай зале раённага Цэнтра культуры моладзь, работнікаў раённых арганізацый, ветэранаў працы, многія з якіх — прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
Спікеры мерапрыемства — эксперты-гісторыкі: настаўнік Варатынскай сярэдняй школы Міхаіл Рыняк, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Сяргей Сарокін і супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея Мацвей Канапелька ў падрабязнасцях распавялі пра наступствы для беларускага народа Рыжскай мірнай дамовы, пра міжнародныя падзеі, якія склаліся вакол Савецкага Саюза ў 1939 годзе і папярэднічалі 17 верасня — Дню ўз’яднання беларусаў у БССР. Заакцэнтавалі ўвагу на падзеях апошніх год, якія прымусілі надаць дню 17 верасня статус дзяржаўнага свята, яшчэ раз нагадаўшы свету і кожнаму грамадзяніну, што Беларусь — суверэнная краіна.
У заключэнне дыялогу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Вяроўкін заклікаў прысутных, і ў асаблівасці пакаленне маладых, цікавіцца гісторыяй краіны, фарміраваць уласнае меркаванне на падставе праверанай інфармацыі і першакрыніц, памятаць пра слаўны подзвіг прадзедаў, цаніць тое, што робіць дзяржава для кожнага свайго жыхара, быць патрыётам Радзімы, садзейнічаць развіццю Беларусі.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.