Пра выбар прафесіі ніколі не пашкадавала

Што-што, а факт таго, што мая субяседніца — загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 Святлана Маліноўская скончыла сярэднюю школу з залатым медалём, ніколькі не здзівіў. Не жадаючы пакрыўдзіць сённяшняе пакаленне абітурыентаў медвузаў, дазволю сабе заўважыць, што ў 70-80-я (блізкія мне) гады цяпер ужо мінулага стагоддзя за авалоданне прафесіяй доктара “змагаліся”, часта не па адным годзе, наймацнейшыя вучні. Няма неардынаршчыны і ў тым, што выдатніца Святлана абрала для сябе менавіта гэты накірунак дзейнасці: медыцынскім работнікам, а дакладней — фармацэўтам, была яе матуля.
— У якую сферу ісці, пытання перада мной не паўставала. Іншая справа, што ў сям’і схіляліся да выбару матчынай прафесіі. Але я ўпарта адстойвала і адстаяла ўласнае жаданне — быць медыкам-доктарам, лячыць людзей.
Гады вучобы ў Віцебскім медінстытуце (цяпер універсітэце) праляцелі для дапытлівай студэнткі імкліва. Працаваць прыехала на малую радзіму, у Бабруйск. І ні ў студэнцтве, калі ўпершыню сутыкнулася з абавязкамі ўрача, ні пасля, працуючы ў гарадскіх паліклініках №3 і №6, у санаторыі “Шыннік”, ні цяпер (у БГП №2 больш за год) аб прафесійным выбары, як кажа, ні разу не пашкадавала.
На сённяшняй пасадзе ў Святланы Генадзьеўны абавязкаў шмат. Акрамя непасрэдна загадчыцкіх, прыём пацыентаў у паліклініцы, выязды ў сельскую мясцовасць — на ФАПы і па месцы жыхарства грамадзян, у тым ліку хворых на кавід.
Разважаючы аб прафесіі, кажа, што застала той час, калі да доктара, як і да настаўніка, адносіны ў грамадстве былі больш паважлівыя. Звязвае гэта субяседніца з тагачасным выхаваннем, якое з гадамі дало збой. Апошняе, па яе словах, можна назіраць хоць бы ў тралейбусе — далёка не кожны малады чалавек ці дзяўчына падхопяцца, как прапанаваць месца састарэламу ці жанчыне.
— Яскрава памятаю ўражанне, якім падзялілася сяброўка-педагог пасля паездкі ў Маскву і Піцер — гарады, дзе ў нашу маладосць яшчэ была інтэлігенцыя старой закалкі і дзе ёй, маладой дзяўчыне, пры выхадзе з грамадскага транспарту паўсюль падавалі руку, і гэта лічылася нормай, — згадвае субяседніца.
Сама ж яна, як кажа, гэтак жа, як і муж Анатоль Грышчанка (колішні работнік кіруючага складу “Белшыны”, уладальнік вышэйшай адзнакі Белнафтахіма “Ганаровы хімік”, цяпер на заслужаным адпачынку), да выхавання заўжды ставіліся сур’ёзна. Не размовай, а ўласным прыкладам: адносінамі паміж сабой, да бабуль, сваякоў, калег, суседзяў прывівалі дачцы манеру паводзінаў, чалавечыя каштоўнасці. Затое цяпер упэўнены, што дачка не дазволіць сабе сядзець, калі побач стаіць пажылы.
Зрэшты, ганарыцца дачушкай Святлана Генадзьеўна не толькі праз гэта. Анастасія Грышчанка, студэнтка 4 курса Інстытута турызму і гасціннасці пры Беларускім дзяржаўным універсітэце — рэйтынгавая спартсмэнка, майстар спорту па самба і па дзюдо, з апошніх узнагарод — 3 месца на чэмпіянаце свету. І хоць далейшую прафесійную кар’еру дачка не збіраецца звязваць са спортам, цяпер аддае яму значную частку жыцця. Дзякуючы гэтаму шмат у якіх краінах пабывала.
На запытанне, як чалавеку цягам доўгага часу заставацца бадзёрым і працаздольным, Святлана Маліноўская адказвае, што за здароўем трэба сачыць ад маладосці. А яшчэ ўсведамляць, што ніхто, апроч самога чалавека ды бацькоў у дзяцінстве не адказны за гэта.
Урачы — гэта людзі, якія могуць дапамагчы, падказаць, накіраваць у патрэбнае русла, калі арганізм даў збой. Але ж аснова здароўя — на самім чалавеку, яго жаданні быць здаровым і працы над гэтым.
— На жаль, далёка не ўсе такое разумеюць, працягваюць спадзявацца на ўсёвырашальную сілу таблеткі ці ін’екцыі. Але ж мы, дактары, медыкі не стамляемся даводзіць пра гэта пацыентам і на прыёме ў паліклініцы, і выязджаючы ў сельскую мясцовасць, у калектывы раённых арганізацый. Цяпер, у «кавідную эпоху», актыўна займаемся вакцынацыяй вяскоўцаў і работнікаў арганізацый супраць небяспечнага вірусу. Робім прышчэпкі і непасрэдна ў паліклініцы, і выязджаем для гэтага на прадпрыемствы, сельскія медустановы. Узроставае насельніцтва (людзей да 80 год Святлана Генадзьеўна наўмысна не прылічвае да катэгорыі састарэлых, гэты перыяд у жыцці чалавека называе гадамі мудрасці) і пажылых, рух якіх абмежаваны, прывіваем па месцы жыхарства. Словам, прадпрымаем усё магчымае, каб знізіць рызыку выпадкаў ускладненняў і смяротнасці. Але ж, паўтаруся, чалавек павінен клапаціцца пра ўласнае здароўе найперш сам і абавязкова звяртацца па дапамогу, калі з арганізмам раптам што не так.
Параўноўваючы пацыентаў-гараджан і пацыентаў-вяскоўцаў — такая магчымасць у субяседніцы ёсць — адзначае, што розніца прыкметная. Сельскія жыхары больш сціплыя ў паводзінах, больш спакойныя, гатовыя даверыцца, што, як мяркуе гераіня аповеду, з’яўляецца вынікам размеранасці сельскага ўкладу, нетаропкім тэмпам жыцця. Праўда, у іх і не такі пільны падыход да свайго здароўя. Між тым, адкладванне наведвання ўрача “на потым” прыводзіць да зацягвання хваробы, што не ёсць добра.
Прысутнічае ў вяскоўцаў і некаторая абыякавасць — іншым разам даводзіцца проста настойваць на шпіталізацыі, бо дома чалавек з хваробай не справіцца.
Яшчэ адзін момант — узрост. Сельскае насельніцтва больш узроставае, і тут ужо ў большай ступені родныя, а не сам пажылы чалавек, павінны праяўляць клопат пра яго здароўе, звяртаць увагу на стан і актыўнасць дзядуль і бабуль і быць ініцыятарамі звароту да ўрача, нават і дзеля прафілактыкі. Хоць апошнім медыкі, у тым ліку фельчары, памочнікі ўрачоў, самі пастаянна займаюцца — за гэта ім, па словах Святланы Генадзьеўны, вялікі дзякуй. Яны інфармуюць урача, які вядзе ўчастак, пра любыя змены у здароўі і паводзінах сяльчан дзеля прыняцця неадкладных мер рэагавання ці далейшай увагі і кантролю. Гараджане ў гэтым плане, як яна кажа, больш уважлівыя да сябе і больш патрабавальныя да доктара.
Валодаючы інтэрнэтам, зачастую прыходзяць ужо з выстаўленымі сабе дыягназамі і спрабуюць надыктаваць урачу план па іх ратаванні, — усміхаецца Святлана Генадзьеўна.
Вяртаючыся да актуальнага на сёння пытання вакцынацыі супраць каронавіруснай інфекцыі, мая субяседніца настойліва рэкамендуе не адкладваць з прышчэпкай тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў. Адзначае, што сёння ў раёне вакцыянавана большая палова дарослага насельніцтва, вядзецца вакцынацыя дзяцей. У параўнанні з пачаткам кампаніі цяпер вяскоўцы з большым разуменнем ставяцца да гэтага. Перагляд меркаванняў многіх адбыўся дзякуючы рабоце дактароў, фельчараў, памочнікаў дактароў на ФАПах, інфармацыі па дадзенай тэме ў СМІ, у тым ліку раённай газеце “Трыбуна працы”. Увогуле, газетнаму радку, на думку медыка, трэба аддаваць перавагу: інфармацыя на старонка друкаваных СМІ, у адрозненне ад інтэрнэту, правераная, дакладная. Усё разам гэта паўплывала на тое, што цяпер прыходзяць на прышчэпку і людзі з дастаткова сур’ёзнымі хранічнымі захворваннямі. Абгрунтоўваюць тым, што, па-першае, давяраюць медыцыне. Па-другое — не хочуць быць крыніцай інфекцыі для дзяцей, унукаў, якія наведваюцца, каб дапамагчы. Да таго ж, практыка паказала — і гэта не проста словы — што непрывіты чалавек пераносіць хваробу нашмат складаней за прывітага.
Не абыйшлі ў размове з доктарам і прафілактыку сардэчна-сасудзістых хвароб — біч не толькі нашага рэгіёну — якія вядуць да такіх небяспечных ускладненняў, як інсульт і інфаркт. І тут, па словах спецыяліста, таксама аснова поспеху ў руках саміх пацыентаў.
Але ж і людзі сталі адносіцца да парад доктара — пастаянны прыём лекаў, больш адказна.
Рэкамендацыі ў асноўным выконваюць, тым болей што апошнім часам у краіне прыняты закон аб безрэцэптурным водпуску аптэкамі жыццёва неабходных прэпаратаў, у тым ліку ад артэрыяльнага ціску, павышанага халестэрыну, парушэнняў сардэчнага рытму. Гэта, па словах Святланы Генадзьеўны, добры крок дзяржавы ў бок пацыента. Асабліва датычыцца сельскага насельніцтва, дзе, каб займець рэцэпт, трэба знайсці час і магчымасці на яго выпіску.
А яшчэ мая субяседніца лічыць, што для здароўя вельмі важна пераключацца на іншыя віды дзейнасці, знаходзіць занятак па душы, бачыць пазітыў у кожным дні. Сама ж яна знаходзіць асалоду ў турботах на дачы, дзе любіць бавіць час усёй сям’ёй, і не гатова памяняць асалоду вясковай цішыні на незвычайнасці краявідаў замежжа.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.