Макеты спаленых вёсак Сулева і Прудзішча зрабілі навучэнцы і педагогі раёна
Навучэнцы Бабруйскага раёна разам з выхаванцамі і педагогамі раённага Цэнтра творчасці зрабілі макеты спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Сулева і Прудзішча (фрагмент).
Населеныя пункты размяшчаліся на адлегласці 2,5 км адзін ад аднаго.
— Макеты вёсак — праца, якую дзеці і дарослыя бабруйшчыны падрыхтавалі для ўдзелу ў конкурсе, аб’яўленым ветэранскай арганізацыяй Магілёўскай вобласці з нагоды 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла дырэктар Цэнтра творчасці Юлія Чаркас. — Мэта конкурсу — узнавіць такім чынам спаленыя, падобна Хатыні, вёскі Магілёўшчыны.
На гэтым тыдні работы школьнікаў і педагогаў нашага раёна разам з аналагічнымі іншых рэгіёнаў вобласці будуць выстаўлены ў музеі імя Масленікава ў Магілёве. Непасрэдна выстава макетаў пачнецца 21 студзеня. Да 1 лютага арганізатары абяцаюць вызначыцца з пераможцамі абласнога конкурсу.
Так што пажадаем поспехаў нашым удзельнікам, якія з вялікім энтузіязмам збіралі матэрыял па знішчаных карнікамі вёсках і затым з захапленнем іх “аднаўлялі”, выкарыстоўваючы для гэтага ўсемагчымы прыродны матэрыял.
— Дзеля таго каб зрабіць макет Сулева, была праведзена немалая пошукавая работа, — расказала педагог Цэнтра творчасці Алена Смарчок. — Мы звярталіся ў Бабруйскі раённы і Магілёўскі абласны краязнаўчыя музеі, у гарадскі архіў, але інфармацыі атрымалі недастаткова. І толькі дзякуючы раённай ветэранскай арганізацыі выйшлі на Антаніну Феліксаўну Цалко, якая нарадзілася і на час вайны (было 12 год) жыла ў в. Прудзішча і наведвалася ў Сулева да родзічаў. Цяпер Антаніне Феліксаўне 93 гады, яна жыве ў дачкі ў Бабруйску, памяць старой жанчыны захавала не толькі падзеі ліхалецця, але і вуліцу, размяшчэнне падворкаў, хлявоў, лазняў Сулева, іншыя адметнасці мясцовасці, на якія і абапіраліся ў сваёй рабоце ўдзельнікі конкурсу.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.