Темы

Цуд здараецца там, дзе ў яго вераць

Цуд здараецца там, дзе ў яго вераць

Гэта для дарослых навагодне-калядныя святы асацыююцца часцей за ўсё з салатай Аліўе і шампанскім. Для дзяцей жа, перапоўненых чароўнымі чаканнямі, – у першую чаргу з Дзедам Марозам і падарункамі пад бліскучай елкай. Многія з тых, каму сёння за 40-50, памятаюць, як у маленстве познім вечарам употайкі пазіралі на фортку, у якую павінен уляцець Дзед Мароз. Гэта заўсёды прахо­дзіла незаўважна, бо ты засынаў, а, прачнуўшыся, бег да лясной прыгажуні за доўгачаканым пакецікам цукерак. І калі там было яшчэ некалькі духмяных мандарынаў, не гаворачы пра новую ляльку ці машынку, большага шчасця і жадаць нельга было.

У нашыя дні святочныя прэзенты сталі больш статуснымі: сучасныя хлопчыкі з дзяўчынкамі просяць казачнага героя пра прыстаўку, планшэт ці айфон, паездку ў казачную рэзідэнцыю галоўнага героя года. І ўсё ж важна, што як і некалі, яны працягваюць верыць у існаванне барадатага з мехам за плячыма і чароўным кіём у руках. А мы, дарослыя, імкнучыся арганізаваць дзіцяці лепшы ў жыцці Новы год, іншым разам, самі таго не жадаючы, раней часу адымаем іх веру ў цуд.

На памяць прыходзіць выпадак больш як 20-гадовай даўніны, калі напярэдадні Новага года мы запрасілі ў якасці Дзеда Мароза свайго сябра. Той, як і прынята, прыйшоў у прызначаную гадзіну ў адпаведным абмундзіраванні. Пяцігадовая дачка, хвалюючыся, прадэкламавала ля елкі верш, прыняла з рук Дзеда перавязаную скрыню з раней намі падрыхтаваным падарункам і ўселася на канапу разглядаць яго. Госця ж мы запрасілі да стала.

Праз некаторы час Дзеду Марозу стала горача: ён зняў шапку, адчапіў бараду, стаў развязваць халат. І тут малая праз слёзы вымавіла: “Дык гэта ж дзядзька Юра…”. Мы разгубіліся, перазірнуліся і зразумелі, што назад ужо нічога не вернеш.

Каб сяброўства з казкай працягвалася, не пашкодзіць падкідваць дочкам-сыночкам розныя аргументы на карысць існавання Дзеда Мароза: то ён забудзецца ў маразілцы рукавіцу, то пакіне прыадчыненыя дзеры ці малюнак у верандзе на вакне. Ства­рыць для дзіцяці, ды і для сябе, адчуванне казкі можна паспрабаваўшы выра­біць навагодняе дрэва з сурвэтак, кніжак, прышчэпак, макаронаў, фанеры, гафрыраванай бумагі, яловых шышак. І гэта елка будзе даражэй за ўсе астатнія. Сабраць самыя незвычайныя традыцыі святкавання Новага года і Калядаў ў розных краінах, развесіць карту над сталом і разам адправіцца ў віртуальную вандроўку.

Праведзенае сярод знаёмых бацькоў апытанне сведчыць: дзеці пачынаюць сумнявацца ў існаванні Дзеда Мароза ва ўзросце сямі-васьмі гадоў. Як правіла, тады пачынаюць з’яўляцца пытанні накшталт таго, чаму ў зімовага чараўніка бываюць розная знешнасць і голас, ды як гэта ён за адну ноч пас­пявае разнесці падарункі ўсім дзецям на свеце. І калі сын ці дачка аднойчы напрамую запытае, ці існуе той Дзед на самой справе, відаць, не трэба здавацца адразу і адказваць, што ён-такі бывае толькі ў казках. Гэта, мабыць, той выпадак, калі размова не ідзе пра падман. Мы, дарослыя, некалі пачалі гэтую гісторыю, таму і павінны граматна яе завяршыць. Пастарацца, каб дзеці не знаходзілі прыхаваныя дома падарункі ці адпаведны касцюм. Каб не было падазронасці, што яго пісьмо не дайшло да Белавежскай пушчы. Каб яны ў нейкі момант раптам не папракнулі: “Што ж вы мяне ўсе гэтыя гады падманвалі?..”.

А калі праўда і адкрыецца, усё роўна працягваць трымаць веру ў чараў­ніцтва і пахваліць яго за тое, што сам разгадаў такую загадку. Ды і ўвогуле гэты стары з мехам, поўным падарункаў, — вобраз шчодрасці, дабрыні і клопату пра іншых. Аставіць дзецям маленькую надзею, месца для веры ў цуд, у вобраз, які вучыць кожнага з нас, што прыемна не толькі атрымліваць, але і аддаваць, што важней за ўсё — знаходзіцца побач з роднымі, дзяліць свята з тымі, хто любіць цябе і без каго ты таксама жыць не можаш.

Ды што там дзеці. З тым, што цуд здараецца там, дзе ў яго ве­раць, згаджаюцца і дарослыя, толькі стараюцца гэта не агучваць. І таму ёсць шмат прыкладаў. Узяць хаця б веру хворага чалавека ў барацьбе з нядугам, якая выратоўвае і падаўжае жыццё…

Да завяршэння калядных святаў, якія працягваюцца ад Раства да Хрышчэння Гасподня, 19 студзеня — у многіх дамах будуць ззяць навагоднія агеньчыкі, а пад елкамі з’яўляцца падарункі.

У гэтыя чароўныя вечары дзяўчаты гадаюць на таго, хто ім наканаваны лёсам. Ды і проста кожны — і малы, і дарослы — мае магчымасць загадаць жаданне. Хтосьці загадвае высокааплочваемую работу, хтосьці — шыкоўную іншамарку, хтосьці — новую кватэру. Давайце, як у дзяцінстве, напішам жаданні на папяровым лістку і ра­зам папросім, каб у сем’ях панавала дабро, разуменне, каханне, каб не варагавалі, а сябравалі насельнікі асобна ўзятай вёскі, горада, краіны, каб усе мы ра­дзей дыстанцыяваліся, а часцей абдымаліся, каб Бог нарэшце зняў з зямлі “карону”…

Іна БАГДАНОВІЧ.

Последние новости

Актуально

Лукашенко: проблемы, которые тревожат людей, для меня очень важны, чтобы потом исправлять недостатки

21 ноября 2024
Читать новость
В будущее вместе с нами

БРСМ объявил о старте приема заявок на ежегодную интернет-премию IT Youth

21 ноября 2024
Читать новость
Общество

Новогодний конкурс «Письмо Деду Морозу» проводит «Белая Русь». Рассказываем подробности

21 ноября 2024
Читать новость
Общество

Лукашенко помиловал еще 32 осужденных за экстремистские преступления

21 ноября 2024
Читать новость
Общество

В Брожском сельсовете работала комиссия по содействию занятости

21 ноября 2024
Читать новость
В будущее вместе с нами

На базе Бобруйской центральной больницы прошла встреча молодых специалистов с ректором БГМУ    

21 ноября 2024
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем