Месца, дзе Саша адчувае сябе ўтульна
3 декабря — Международный день инвалидов
З Сашам Скробатавым сустракаемся ў раённым Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на вул. Чангарскай, 81/25 у Бабруйску, куды ён літаральна штодня ў будзень наведваецца з вёскі Барак, што прыкладна ў 20 кіламетрах ад райцэнтра.
Юнаку 24 гады, ён інвалід другой групы, да 18-ці жыў і вучыўся ў Каменскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Пасля яе заканчэння вярнуўся ў сям’ю і вось ужо колькі год жыве з матуляй Людмілай, якая працуе тэхнічкай, і 23-гадовым братам-жывёлаводам мясцовай гаспадаркі. Бацька хлопца не так даўно пайшоў з жыцця.
Да адсутнасці магчымасці працаваць і зарабляць грошы Саша ставіцца з усведамленнем свайго становішча і поўным яго прыняццем. Кажа, што хацеў вывучыцца на кветкавода, але з пажыццёвай 2-й групай дазволу не даюць. Па-дзіцячы шчыра радуецца, што можа наведваць сацыяльныя ўстановы, дзе адчувае сябе камфортна, дзе яго чакаюць, знаходзяць занятак, дзе можа сустрэцца з сябрамі, імёны якіх тут жа пералічвае.
— У гарадскім цэнтры “Юнацтва”, што на вул. Горкага, 41 вырабляю шкатулкі са скуры. Тут, у раённым, — фігуркі жывёл з гліны. Мне гэта падабаецца, тым болей што ў мяне атрымоўваецца. З гліны раблю зараз коцікаў, яшчэ нехта будзе расфарбоўваць, — расказвае ён.
За працай Саша нізка схіляецца над сталом, што выдае праблемы са зрокам. Між тым, акуляры яму не прапісваюць, бо не дапамогуць. Пра гэта, як кажа, паведаміла доктарка бальніцы, дзе ён не аднойчы ляжаў. У прынцыпе ж, па словах Сашы, абмежаванні па зроку асаблівай няўтульнасці яму не ствараюць, хіба што нельга карыстацца камп’ютарам.
— Каб быў камп’ютар, можна было б закачваць фільмы з інтэрнэту, — разважае хлопец. І тут жа дадае, што матуля баіцца, каб зрок ад гэтага не пагоршыўся яшчэ болей. Па той жа прычыне на тэлефоне ў Сашы толькі каляндар, музыка ды радыё. Зрэшты, апошняга ён вялікі прыхільнік. Асабліва любіць слухаць “Зефір-ФМ”, дзе, як кажа, і песні добрыя, і навін шмат. Каб глядзець тэлевізар, хлопец садзіцца на дастатковую ад яго адлегласць. Яго любімыя серыялы “Пёс”, “Ляснік”, перадачы — “ДНК”, “Гісторыя выратавання 102”.
Саша — чалавек дакладны. Пра свой дзённы распарадак расказвае з дакладнасцю да хвіліны: у колькі, куды і на якім транспарце едзе, на якім прыпынку садзіцца і сыходзіць, у колькі і на чым вяртаецца дамоў. Пра грунтоўны падыход хлопца да наведвання цэнтра і сваіх тут абавязкаў заўважае і загадчыца аддзела дзённага знаходжання для інвалідаў РЦСАН Ірына Юркавец. Размовы пра мары Саша не падтрымлівае і нават некалькі губляецца. І ў каторы раз паўтарае, што для яго найлепшае — прыязджаць у цэнтры.
Развітваемся з Сашам, і хлопец зноўку нізка схіляецца над сталом — працягвае цікавы і звыклы для сябе занятак. З часам яго маленькія гліняныя жывёлкі кагосьці парадуюць.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.