Другое месца раённых спаборніцтваў па выніках жніва у ААТ “Неўскі-Агра”
Другі па велічыні паказчык намалоту зерня збожжавых і зернебабовых раслін у раёне — у ААТ “Неўскі-Агра” (6 399 тон). Здавалася б, можна з палёгкай выдыхнуць і спаўна парадавацца: і дзяржаўны заказ па збажыне болей чым у тысячу тон своечасова выканалі, і насення, фуражу будзе… Калі б не адно “но” — у мінулым годзе пры тых жа пасяўных плошчах намалацілі прыкладна на трэць болей.
— Паўплывала засушлівае надвор’е, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Іванавіч Мельнік. — Хоць зроблена было шмат, стараліся прытрымлівацца тэхналогій: папярэднікі прадугледзелі, пасеялі ўсё своечасова, правялі сортаўзнаўленне, дзеля чаго набылі элітнае насенне і культур, і гібрыдаў, догляд быў належным… Праўда, бачыць вопытны аграном, які, дарэчы, заняў 3-е месца ў раённым спаборніцтве сярод галоўных аграномаў, і тэхналагічныя хібы. Цягам апошніх 5-6 год, як кажа, не мелі магчымасці ўнесці фосфарныя ўгнаенні пад збажыну, не дадавалі арганічных: сказаліся недастатковасць тэхнікі, фінансавыя магчымасці гаспадаркі. Таму цяпер, як тут кажуць, стаўка робіцца на нарыхтоўку травянога корму: каб быць з малаком, мясам, прадаваць іх — зарабляць грошы і развівацца. Ва ўсялякім разе, як заўважае дырэктар сельгасарганізацыі Алі Ахмедаў,
зладжаны і працаздольны калектыў “Неўскага-Агра” на гэта нацэлены.
Асабліва хвалюючым — сапраўдным выпрабаваннем на прафесіяналізм — стала сёлетняе жніво для галоўнага інжынера ААТ “Неўскі-Агра” Сяргея Віктаравіча Нікалаенка, на якога была ўскладзена арганізацыя работы машынна-трактарнага парку падчас уборкі ўраджаю: новы калектыў, значна большыя пасяўныя плошчы, чым у філіяле “Варатынь”, дзе да гэтага працаваў. Аднолькавай была хіба што сур’ёзнасць пастаўленай задачы — арганізаваць уборку хлябоў якасна, своечасова і без страт.
На запытанне, ці вытрымаў галоўны спецыяліст іспыт на прафесіяналізм найперш перад сабой, з усмешкай адказвае: “Як бачыце”. Трэба адзначыць, што Сяргей Віктаравіч заняў другое месца ў раённым спаборніцтве сярод галоўных інжынераў.
— З кадрамі апошнім часам складана, напэўна, не ў адных нас, але была правільна выбудавана лагістыка, не было асаблівых праблем з тэхнікай, таму, здаецца, атрымалася. Хоць, па праўдзе, сам не чакаў: было 2 300 гектараў каласавых, цяжар у сярэднім на камбайн — значны, але ў разгар уборкі ў падмогу атрымалі новенькі камбайн, і тэхніка гэтая добра выручыла. Так што як бы не было складана — з пастаўленай задачай справіліся, — кажа субяседнік.
На гэтую пару ў ААТ “Неўскі-Агра” завяршылі сяўбу азімых — пасеялі 1 500 гектараў, рыхтуюцца да ўборкі кукурузы на зерне.
Мікалай Крусір — вадзіцель-пераможца
У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва і Мікалай Крусір з ААТ “Неўскі-Агра”. Ён заняў 1-е месца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый, якія ажыццяўлялі перавозку зерня ад камбайнаў.
Родам Мікалай Усеваладавіч з суседняй Украіны. Трапіў у Беларусь, на Бабруйшчыну, у 2014 годзе падчас неспакою на яго радзіме. У аграгарадку сям’і перасяленцаў вылучылі добраўпарадкаванае жыллё, гаспадару прапанавалі работу вадзіцеля ў мясцовай гаспадарцы (ва Украіне ў яго быў уласны аўтобус, на ім і працаваў). За 7 год, што жыве ў аграгарадку, да месца, да людзей мой суразмоўца, як кажа, прызвычаіўся, адчувае сябе тут утульна і спакойна. Тым болей што і кіраўніцтва, і людзі мясцовыя да яго і сям’і добра ставяцца. І хоць сум па родных мясцінах прысутнічае, пытання, каб вярнуцца на радзіму, ва ўсялякім разе цяпер, калі неспакой застаецца, — сям’я не ставіць. А вось да дачкі ва Украіну бацькі перыядычна наведваюцца. Праўда, штогодная традыцыя з-за пандэміі апошнія два гады парушана. Але Мікалай Усеваладавіч спадзяецца, што цяпер, калі з’явілася магчымасць вакцыянавацца, — будзе адноўлена.
На МАЗ мой субяседнік “сеў”, як кажа, не адразу. Першы год у калгасе выконваў рознага віду работы і стараўся, імкнуўся станоўча сябе зарэкамендаваць. Ва ўборачныя кампаніі, і сёлетнюю таксама, яго задачай было перавозіць зерне ад камбайнаў. Справа хоць і звыклая, але патрабуе ад вадзіцеля павышанай увагі, акуратнасці і пільнасці. Усе гэтыя якасці Мікалаю Усеваладавічу характэрныя, таму і выніку дасягнуў высокага, пачэснага — увайшоў у кагорту раённых перадавікоў.
Лепшы ў раёне экіпаж
Першага месца сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый на ўборцы ўраджаю збажыны ўдастоены экіпаж ААТ “Неўскі-Агра” ў складзе Леаніда Чэрніка (на фота справа) і Віктара Дзешкаўца.
Што да Леаніда Леанідавіча, то ён — адзін з найбольш частых героеў “раёнкаўскіх” рэпартажаў, традыцыя расказваць пра адметныя працоўныя дасягненні механізатара вядзецца не адзін дзясятак год. Сумленны, працавіты, мэтанакіраваны, гатовы спраўна выканаць любую пастаўленую задачу — пра што сведчыць безліч працоўных узнагарод. Ён і ў гэтую ўборачную кампанію таксама прадэманстраваў свае неабсяжныя здольнасці, упартасць да перамогі, прафесіяналізм і выйшаў у пераможцы.
Вядома ж, не сам — разам з памочнікам. Сёлета ім быў Віктар Станіслававіч Дзешкавец, такі ж адказны, надзейны ў любой справе, нацэлены на высокі вынік працаўнік гаспадаркі. Уборачная кампанія гэтага года — далёка не першая ў калгасным жыцці жыхара
аг. Кавалі. Не ўпершыню ён быў і памочнікам камбайнера. Гэты год яшчэ раз пацвердзіў — надзейным.
Матэрыялы падрыхтавала Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара, Валянціны МІЛОХІНАЙ, Юрыя ЮРКЕВІЧА.