Сеяць разумнае, добрае, вечнае: педагогі Бабруйскага раёна сабраліся на жнівеньскую канферэнцыю
Сёння ў актавай зале раённага Цэнтра культуры прайшла традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў.
Падзякаваць настаўніцтву за своечасовую і якасную падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, пажадаць здароўя, плённай працы і поспехаў на канферэнцыю, якая сёлета прайшла ў форме педсавета, прыйшлі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй Бабруйскага райвыканкама Аляксандрам Сухадольскім і старшыня райсавета дэпутатаў Геворг Мелканян.
Яны выказалі цёплыя словы ў адрас людзей, чыя прафесія — не толькі навучаць дзяцей школьным прадметам, але выхоўваць іх, “сеяць разумнае, добрае, вечнае”, уручылі ўзнагароды і ўдзячнасці педагогам, чыя работа па выніках года прызнана найбольш паспяховай.
Ганаровыя граматы за сумленную працу, дасягнутыя высокія паказчыкі навучання і выхавання атрымалі раённыя педагогі і з рук начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алесі Стэльмак. У сваёй прамове да калег і гасцей Алеся Сяргееўна падрабязна спынілася на дасягненнях папярэдняга навучальнага года і паставіла задачы на новы. Сярод апошніх — далейшае павышэнне якасці навучання праз укараненне найноўшых методык, стварэнне профільных класаў, узмацненне ролі патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.
Прывіталі на канферэнцыі маладых спецыялістаў — іх у вясковыя школы прыбыло 19. Старшыня райвыканкама і лідар раённай моладзевай арганізацыі “БРСМ” Дзіяна Каштанава уручылі юнакам і дзяўчатам памятныя сувеніры.
Падрабязнасці — у нашым фотарэпартажы.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.