Касавіца — поўным ходам

Кукурузу ў раёне пасеялі, таму цяпер уся ўвага скіравана да касавіцы — гаспадаркі актыўна нарыхтоўваюць травяны корм для пагалоўя.
— Час і надвор’е дазваляюць займацца гэтым поўным ходам, — кажа начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктар Садоўскі. — На сёння ў раёне скошана прыблізна 50% плошчаў — гэта каля 6 000 гектараў. Ужо нарыхтавана 322 тоны сена, болей за 22 800 тон сенажу. У сярэднім на адну ўмоўную галаву жывёлы — 3,6 цэнтнеры кармавых адзінак, што на 2,3 ц к. адз. болей, чым на адпаведны дзень мінулага года. Тэмпы сёлетняй нарыхтоўкі вышэйшыя.
Адначасова ў гаспадарках заняты хімпраполкай кукурузы — вядзецца гэтая работа паўсюдна. У асобных сельгасарганізацыях сеюць адналетнія культуры, прыступаюць да сяўбы паўкосных.
І, вядома ж, раён рыхтуецца да жніва: да выхаду ў поле рамантуюцца зернеўборачныя камбайны, іншая неабходная тэхніка.
Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.