Веданне гісторыі пацвердзіў
Падведзены вынікі I тура абласнога конкурсу “Магілёў — бацька Сталінграда”, прысвечанага 80-годдзю гераічнай абароны горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З прыемнасцю адзначаем, што найбольшую колькасць балаў (35,5) у намінацыі “Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі” набраў і адпаведна стаў адным з пераможцаў I тура вучань нашага раёна — 10-класнік Ленінскага ВПК “Дзіцячы сад-СШ” Антон Чэшка.
Крыху ніжэй балам (33) ацэнена работа ў гэтай жа намінацыі яшчэ адной раённай школьніцы — Дзіяны Казловай з Каменскай СШ.
Паўдзельнічаў у I туры абласнога конкурсу, у намінацыі “Працоўная моладзь”, таксама і настаўнік гісторыі Варатынскай СШ М.А. Рыняк.
Да слова сказаць, арганізатарамі конкурсу “Магілёў — бацька Сталінграда” з’яўляюцца абласны Цэнтр творчасці, грамадскае аб’яднанне “Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Виккру”, абласная і гарадская арганізацыі РГА “Белая Русь” і абласная арганізацыя “Беларускі саюз журналістаў”. Удзел прынялі калектывы вучэбных устаноў, аб’яднанняў па інтарэсах, студэнты, вучні старэйшых класаў школ і працоўная моладзь ва ўзросце да 30 год. Конкурс уяўляе сабой віктарыну ў два этапы. Другі (20 пытанняў па гісторыі абароны Магілёўшчыны ў 1941 годзе) стартаваў 10 сакавіка і будзе доўжыцца да 3 мая.
Ад Антона Чэшкі даведаліся, што гісторыя для яго — найбольш цікавы школьны прадмет. Вывучае хлопец яе з задавальненнем не толькі непасрэдна на захапляльных уроках настаўніка С.М. Герасімовіча, але і на дадатковых занятках у школе раз на тыдзень, і сам па сабе: з кніжак, інтэрнэту. У марах юнака, дарэчы, — стаць настаўнікам гэтага прадмета, а вось у якой установе навучацца на педагога, хлопец пакуль не вызначыўся — час дазваляе.
Непасрэдна пра конкурс Антон сказаў, што пытанні першага тура цяжкімі яму не падаліся, таму спадзяецца і на паспяховы далейшы ўдзел у конкурсе. Для гэтага адначасова з падрыхтоўкай школьных урокаў не стамляецца пашыраць веды па тэме.
Будаваць загадзя планы на перамогу юнак не бярэцца. А мы ўсе яму гэтага жадаем.
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Ленінскага УПК “Дзіцячы сад-СШ”.