Не словам, а справай
Заўважыла, што наш арганізм здольны на многае, у тым ліку засцерагаць ад стрэсу, выкліканага неабходнасцю ўбіраць у сябе чужую, часта да непрыстойнасці эмацыйную інфармацыю. Калі на пачатку масавай мабільнай тэлефанізацыі працяглыя гучнагалосыя размовы выпадковых “суседзяў” па грамадскім транспарце падчас штодзённых ваяжаў на працу і назад у мяне зачастую выклікалі стан, блізкі да ванітавання — з-за гэтага нават даводзілася пакідаць тралейбус, не даехаўшы да патрэбнага прыпынку — то з часам арганізм звыкся, стаў сыходзіць у “адключку”, ад чаго размовы-скаргі-жарты хоць па тэлефоне, хоць на яве застаюцца як бы па-за мяне.
Між тым, чалавечы арганізм — механізм не пастаянны. Здольны даваць збоі і без відавочных, здавалася б, прычын, а тут яшчэ кавід і звязаныя з хваробай нязручнасці — тут не ўзяцца, там не стаць… Таму нягучныя — указвала на выхаванне — перамовы трох хлопцаў з ранцамі, як цяпер модна, за плячыма, на выгляд 15-17 год, не раздражнялі, а ў некаторы момант нават зацікавілі. Самы рослы і худзенькі расказваў, што рукі ад мазуту ён мые снегам, бо гэта зручней, чым падымацца на другі паверх і шукаць там ракавіну. З іншых яго і сяброў слоў склалася ўражанне, што хлопцы праходзяць вытворчую практыку і дзеляцца ўражаннямі. Як гэта звычайна бывае — “а ў нас…”, “а ў нас…”
— Уяўляеце, з намі правялі размову па тэхніцы бяспецы, сказалі, калі што здарыцца — аказваць першую дапамогу, а ні бінту, ні жгута, нічога няма, — прыцішна, але эмацыйна ўзрушана кажа самы высокі.
Два другія па-дзіцячы пырскаюць са смеху:
— Ну вы б і сказалі пра гэта.
— Сказалі.
— І што яны?
— А нічога.
— Жэсць…
— Дык мала таго, — працягвае “высокі”, — кожнаму далі распісацца за выдадзенае быццам бы рабочае адзенне. На самой справе не выдалі, сказалі кожнаму прынесці з дому, — не змяншаючы эмацыйнасці, кажа ён.
— А на гэта што яны сказалі? — ужо без смеху, з павышаным здзіўленнем пытаюцца прыяцелі.
— Ды ў іх на ўсё адзін адказ — няма грошай.
Юны спадарожнік пакінуў тралейбус на прыпынку ці то “вуліца Шмідта”, ці наступным за ім “школа” па вуліцы Мінскай. Але гэта, у прынцыпе, не важна. Важным лічу трансфармацыю, якая можа здарыцца з усведамленнем маладога чалавека і пачынаючага работніка ў выніку безадказнасці, несумленнасці і недальнабачнасці дарослых, якія перанялі ад школы працэс яго выхавання.
Тое, што справа можа разыходзіцца са словам (у школе ці іншай навучальнай установе, напэўна ж, засвойвалі правілы тэхнікі бяспекі) і што праўду з лёгкасцю можна падмяніць няпраўдай, чалавека звычайна спачатку здзіўляе, пасля абурае, далей ён з гэтым звыкаецца, успрымае, як норму. І шанцы таго, што, стаўшы ў галаве прадпрыемства, таксама не знойдзе грошай на аптэчку, прапануе паставіць подпіс пад тым, што не адпавядае рэчаіснасці, значна павялічваюцца. Але ж ці хацеў бы кожны з нас: для сябе, дзяцей і ўнукаў, працы на вышэйапісаным прадпрыемстве?
Я пра тое, што тэорыя так і застанецца тэорыяй, калі яе не падмацоўваць практыкай. Таму ж дзіцяці можна хоць колькі гаварыць, што нельга ісці на чырвонае святло. Але калі бацька ці маці, папярэдне пра тое казаўшы, дазволілі сабе парушыць правілы — дзіця ў большасці выпадкаў паступіць гэтак жа. Можна хоць колькі казаць пра клопат пра людзей, але подпіс замест спецадзення не дазволіць уроку засвоіцца.
Я пра тое, што выхоўваць у чалавеку чалавека трэба не словам, а справай.
Алена КАРПЕНКА.